5 ліпеня прэзыдэнты Беларусі, Расеі і Казахстану запусьцілі працу Мытнага саюзу. Чаму Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся падпісаць Мытны кодэкс? Ці былі ў яго іншыя варыянты? Якія наступствы ўваходу Беларусі ў Мытны саюз?
Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі.
Чаму Лукашэнка пагадзіўся падпісаць Мытны кодэкс?
Валер Карбалевіч: Кіраўніцтва Беларусі таргавалася з Расеяй па ўмовах уступленьня ў Мытны саюз вельмі жорстка. Яно выстаўляла ўмову: Масква павінна скасаваць нафтавае мыта. Як казаў віце-прэм’ер Сямашка, гэта “наша жалезабэтоннае патрабаваньне”. Але Расея не саступіла. І вось пасьля газавай вайны, якую большасьць экспэртаў ацэньвала як інструмэнт уштурхоўваньня Беларусі ў Мытны саюз, пасьля абразьлівага для Лукашэнкі фільму на НТВ — беларускі прэзыдэнт падпісвае Мытны кодэкс, і краіна далучаецца да гэтага аб’яднаньня. Вонкава гэта выглядае як капітуляцыя. Гэта мала падобна да Лукашэнкі, ён баіцца выглядаць слабым. Што здарылася зь ім?
Андрэй Фёдараў: Іншым разам бывае так, што нават той, хто баіцца здавацца слабым, вымушаны прызнаць перавагу праціўніка. Менавіта гэта адбылося цяпер. Напэўна, Расея выставіла такія аргумэнты, спрачацца зь якімі было немагчыма.
Беларускія афіцыйныя асобы кажуць, што Беларусі ўдалося дамагчыся саступкі з боку Расеі ў такім пытаньні. Беларусі цяпер ня трэба чакаць ратыфікацыі партнэрамі дакумэнтаў аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы. Каля яна ратыфікуе гэтыя дакумэнты, тады Расея адразу адменіць нафтавае мыта. Дакумэнты могуць быць гатовыя да 1 студзеня 2011 году. Але любы ўдзельнік можа зацягнуць працэс іх узгадненьня. Таму сапраўды падпісаньне Лукашэнкам Мытнага кодэксу выглядае як параза Беларусі.
Карбалевіч: Якая тут саступка? Калі дакумэнты ўзгодненыя, то ратыфікацыя — пытаньне тэхнічнае, яна адбываецца хутка.
Віталь Сіліцкі: Іншых варыянтаў у кіраўніцтва Беларусі не было. Ціск з боку Масквы быў вельмі моцны. Пры гэтым Пуцін і Мядзьведзеў кіруюцца ня толькі інтарэсамі сваёй краіны, але і сваімі ўласнымі. Для іх Мытны саюз — гэта адзін з найважнейшых крокаў па кансалідацыі той часткі постсавецкай прасторы, якую Расея яшчэ можа ўхапіць.
Фільм "Хросны Бацька" на НТВ мог зьявіцца толькі па камандзе найвышэйшага кіраўніцтва Расеі. Гэта азначае, што пачалося паляваньне на Лукашэнку, а ў большай ступені — на Беларусь.
Лукашэнка мусіць ратаваць сваю палітычную будучыню. Адзінае яго апірышча — гэта народ, трэба выйграць выбары. Таму ўвесь супраціў расейскаму ціску — гэта быў піяр для ўласнага электарату. Каб выглядаць моцным змагаром. Саступка моцнаму праціўніку — гэта таксама прыкмета гераізму.
А дзяржаўныя СМІ раскажуць, што, нягледзячы на жорсткі прэсінг, мы абаранілі свае інтарэсы, хутка нафтавае мыта скасуюць, мыта на аўто пакуль ня ўводзіцца. Паводле старога анэкдоту, калі б у Напалеона была газэта "Правда", то сьвет ніколі б не даведаўся пра ягоную паразу пад Ватэрлёо. А ў Лукашэнкі ёсьць БТ.
Ці былі ў яго іншыя варыянты?
Карбалевіч: Спадар Сіліцкі, вы сказалі, што ніякіх іншых варыянтаў не было. А вось такі варыянт: нічога не падпісваць у Астане, пачакаць, паглядзець, ці спраўдзіць Расея свае пагрозы, ці пойдзе яна на ўвядзеньне мытнай мяжы зь Беларусьсю?
Як гэта было мінулым годам падчас "малочнай вайны". Тады на знак пратэсту Менск адмовіўся падпісаць пагадненьне аб стварэньні КСАР АДКБ. Потым, празь некалькі месяцаў, пагадненьне ціха было падпісана. Але на той момант Лукашэнка змог стварыць уражаньне пераможцы ў "малочнай вайне". Чаму цяпер Лукашэнка так пасьпяшаўся? Можа, прычына ў прэзыдэнцкіх выбарах — ён ня хоча ўскладненьняў напярэдадні гэтай кампаніі?
Фёдараў: Тэарэтычна такі варыянт быў магчымы. Але, думаю, Лукашэнку было паказана на пальцах, што чакае Беларусь у выпадку адмовы ад уступленьня ў Мытны саюз. Яму растлумачылі, што калі Беларусь не падпісвае цяпер, то давядзецца падпісваць пазьней на горшых умовах.
А чакаць Беларусь магло наступнае. Па-першае, мяса-малочная вайна. Па-другое, увядзеньне мыта на газ, на што намякаў віцэ-прэм'ер РФ Сечын. А гэта азначала б катастрофу для беларускай эканомікі.
Сіліцкі: Тут уступіў у дзеяньне псыхалягічны чыньнік. Пуцін і Мядзьведзеў ушчэнт раззлаваныя, і яны дзейнічалі б вельмі рашуча. Былі б уведзены мытныя заслоны на беларуска-расейскай мяжы, уведзена мыта на ўсе энэргарэсурсы.
Хачу адзначыць, што Расея дзейнічае ў рамках прававой сваволі, парушаючы дзясяткі беларуска-расейскіх пагадненьняў. У дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы запісана, што дзьве краіны ствараюць агульную мытную прастору, дзейнічае агульны мытны рэжым у адносінах да любых іншых краін. То бок гэта тычыцца і Казахстану. Таму, перш чым ствараць гэты Мытны саюз, трэба было спачатку дэнансаваць дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Масква выйшла зь яе дэ-факта. Таму прэтэнзіі Лукашэнкі абсалютна справядлівыя.
Карбалевіч: Усё, што вы сказалі наконт парушэньняў Расеяй дамовы аб саюзнай дзяржаве, мае месца. Але ж хачу нагадаць, што і Беларусь шмат разоў парушала гэтую дамову.
Сіліцкі: Так. Але цяпер Расея парушыла тую дамову па больш высокіх стаўках, чым Беларусь. Менск парушаў па дробязях.
Якія наступствы ўваходу Беларусі ў Мытны саюз?
Карбалевіч: Атрымоўваецца цікавая сытуацыя. На фоне палітычных канфліктаў, інфармацыйнай вайны, у эканамічным сэнсе Беларусь з уступленьнем у Мытны саюз яшчэ больш інтэгруецца з Расеяй. Якія наступствы ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз? Ці гэты фармальны акт мала што мяняе ў беларуска-расейскіх дачыненьнях?
Фёдараў: На дадзены момант ён сапраўды мала што мяняе. Зьмены маглі адбыцца (дрэнныя для Беларусі), калі б Менск адрынуў Мытны саюз. Але пазьней, калі Беларусь вымушаная будзе адкрыць мяжу для больш якасных расейскіх тавараў (бо там ужо дзейнічаюць правілы рынкавай канкурэнцыі, вялікая доля заходняга капіталу), то можа быць задушаная пэўная беларуская вытворчасьць. Па-другое, як мы добра ведаем, падпісаньне дамовы не азначае яе выкананьня, пачнуцца спрэчкі.
Сіліцкі: Яшчэ больш інтэгравацца цяжка, бо Беларусь і так моцна інтэграваная. Але гэты Мытны саюз не такі ўжо нявыгадны для Беларусі. Напрыклад, ён выгадны для тых сэктараў, дзе інтарэсы беларускіх і расейскіх вытворцаў супадаюць. Мытны саюз фактычна пабудаваны на расейскіх імпартных тарыфах. Для некаторых беларускіх галін вытворчасьці (сельскагаспадарчае машынабудаваньне, прадукты харчаваньня) яны выгадныя, бо абараняюць ад замежных канкурэнтаў.
У Мытны саюз убудаваныя некаторыя правілы Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Таму яны могуць падрыхтаваць Беларусь да інтэграцыі ва ўсясьветную эканоміку.
Дарэчы, два тыдні таму была заява ЗША, што яны падтрымаюць уступленьне Расеі ў СГА наступным годам. Але ў такім выпадку трэба будзе перапісваць дакумэнты Мытнага саюзу. І потым, як з далучэньнем Беларусі і Казахстану да СГА?
Уступленьне Беларусі ў Мытны саюз перакрэсьлівае шанцы Беларусі на стварэньне зоны вольнага гандлю з ЭЗ. Але кіраўніцтва Беларусі ня надта да гэтага імкнецца.
Фёдараў: Сёньня зьявілася інфармацыя, што Расея плянуе ўступіць у СГА цягам некалькіх тыдняў.
Сіліцкі: І што цяпер з Мытным саюзам?