Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі – пра Мытны саюз


Ад 6 ліпеня Беларусь далучаецца да адзінай мытнай прасторы Казахстану і Расеі. На тэрыторыі Беларусі пачынае дзейнічаць Мытны кодэкс Мытнага саюзу трох. Рашэньне камэнтуюць беларускія палітыкі.

Камэнтуючы рашэньне кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:

Яраслаў Раманчук
«Лукашэнка далучыўся да таго зьвязу, у які ён ня верыць, каб не сутыкнуцца зь вельмі жорсткім супрацівам на мяжы з Расеяй. Я ня думаю, што ён будзе выконваць абавязкі, якія вынікаюць з Мытнага саюзу. Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што гэты Мытны саюз ператворыцца ў мёртвую структуру, як СНД, ЭўрАзЭС ці мытны зьвяз паміж Беларусьсю і Расеяй. Будзе больш канфліктаў, чым было, бо кожны з бакоў будзе дамагацца свайго. Я ня бачу палітычнай волі, каб гэтыя канфлікты вырашаць за сталом перамоваў».

Зянон Пазьняк
Паводле лідэра КХП-БНФ Зянона Пазьняка, Мытны саюз трох — гэта «магільная яма, эканамічная пастка» для Беларусі:

«Па прыродзе сваёй эканомікі Беларусь у прынцыпе ня можа ўдзельнічаць у такім „мытным саюзе“. Гэта магіла, падрыхтаваная спэцыяльна для яе Расеяй, каб фармальна абгрунтаваць і апраўдаць свае агрэсіўныя дзеяньні».

Поўны тэкст артыкулу Зянона Пазьняка "Мытны зьвяз — магільная яма" можна прачытаць на сайце naviny.by

Паводле аднаго зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча, у далучэньні Беларусі да Мытнага саюзу ёсьць як нэгатыўныя, так і пазытыўныя моманты:

Мікола Статкевіч
«Да пазытыўных можна аднесьці тое, што будзе захоўвацца доступ да дастаткова вялікага рынку. Нэгатыўныя — у тым, што мы адначасова можам абцяжарыць свой доступ да іншых рынкаў і такім чынам стацца больш прывязанымі да адной эканомікі, адной краіны, што ня ёсьць рацыянальным. Чаму Лукашэнка пайшоў на гэта? Ну, гэта відавочна. Можна колькі заўгодна рабіць гістэрыкі, можна скакаць, але калі ўся прамысловасьць завязаная на адну краіну, ды яшчэ датацыі ад гэтай краіны, дык тут не паскачаш. Наагул, мы дагэтуль расхлёбваемся з тым выбарам, які наша грамадзтва зрабіла ў 1994 годзе, калі абралі таленавітага папуліста, але без усялякага стратэгічнага мысьленьня. Мы бачым, што зараз Беларусь апынулася ў тупіку. Цяпер, калі Лукашэнка гаворыць пра незалежнасьць, я пачынаю баяцца за гэтую незалежнасьць. Бо адразу пасьля гэтых заяваў ідуць саступкі сувэрэнітэту».

Алесь Лагвінец
Паводле актывіста руху «За свабоду» Алеся Лагвінца, Лукашэнка вымушаны быў падпісаць гэтыя дакумэнты, бо да гэтага яго вымушала Масква, а напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі яму ня трэба напружанасьці і ўсталяваньня мытных межаў з Расеяй.

«Ён шукаў кароткатэрміновыя выгады для захаваньня сваёй улады, і гэтым абумоўлена падпісаньне дакумэнтаў. Магчыма, гэта ня ёсьць канчатковым крокам. Мы ведаем, Беларусь і Расея ня ёсьць прававымі дзяржавамі, і адна справа — падпісаць, іншая — выконваць. І ў рамках двухбаковых ці шматбаковых дачыненьняў узьнікаюць праблемы выкананьня ўзятых на сябе абавязкаў. Адзіная мытная прастора з краінамі, якія маюць розную структуру эканомік, якія маюць патрэбы ў мадэрнізацыі і залежаць у гэтай мадэрнізацыі ад больш разьвітых краінаў, не зьяўляецца вырашэньнем нашых праблемаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG