СААЗ: атлусьценьне робіцца эпідэміяй

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), больш за мільярд людзей мае залішнюю вагу, а ў 300 мільёнаў зь іх сытуацыя даходзіць да атлусьценьня. Лічбы гэтыя растуць. Так, у ЗША яшчэ тры дзесяцігодзьдзі таму залішняя вага была сама больш у 15% насельніцтва, цяпер – ужо ў паловы.

У Беларусі залішнюю вагу мае кожны чацьвёрты, прычым палова беларускіх таўстуноў — дзеці і падлеткі. Штогод колькасьць хворых на атлусьценьне ў краіне павялічваецца на 3 тысячы. Як сьведчаць адмыслоўцы-мэдыкі, небясьпека атлусьценьня і залішняй вагі — у тым, што яны спрыяюць разьвіцьцю самых розных хваробаў сардэчна-судзіннай і эндакрыннай сыстэмаў, апорна-рухальнага апарату, страўнікава-кішачнага тракту ды іншых. Даказана, што ад атлусьценьня жыцьцё скарачаецца, нават калі чалавек і ня мае нейкіх ярка выражаных хваробаў.

Наконт прычынаў атлусьценьня апошнім часам ствараецца багата розных тэорыяў. Тут і парушэньне мэтабалізму ў выніку маларухавага ладу жыцьця, і абжорлівасьць, і якасьць харчаваньня, і спадчынны фактар. Некаторыя навукоўцы даводзяць нават, што схільнасьць да атлусьценьня мае вірусную прыроду. Асноўнаю сярод гэтых прычын доўгі час лічылася спалучэньне маларухавага ладу жыцьця і празьмернага харчаваньня. Аднак, як паказалі дасьледаваньні, праведзеныя нядаўна навукоўцамі двух унівэрсытэтаў — у Абэрдыне і Маастрыхце, гэта не зусім так.
У Беларусі залішнюю вагу мае кожны чацьвёрты. Палова беларускіх таўстуноў — дзеці і падлеткі. Штогод у краіне прыбывае 3 тысячы хворых на атлусьценьне...


Падлічыўшы, колькі энэргіі траціць сучасны жыхар мэгаполісу за дзень, тыдзень і месяц, і параўнаўшы гэтыя паказчыкі з тымі, што былі зафіксаваныя некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, брытанскія і нідэрляндзкія дасьледчыкі высьветлілі: чалавецтва зусім ня стала меней рухацца. Істотныя зьмены, аднак, адбыліся ў харчаваньні, і менавіта тут варта шукаць корань праблемы. У крамах зьявілася шмат прадуктаў, якіх раней не было — салодкія газаваныя напоі накшталт кока-колы, розныя чыпсы, снэкі, ежа хуткага прыгатаваньня, салодкія, тлустыя, рафінаваныя стравы з палепшаным смакам, кансэрвантамі і г.д.

Як сьведчаць навукоўцы з Брытаніі, дзе праблемы з атлусьценьнем закранаюць 57% мужчын і 67% жанчын, на гэтыя нездаровыя прадукты сучасныя пакаленьні "падсядаюць" з самага раньняга дзяцінства. Найбольш гэта характэрна для дашкольнікаў, якія выхоўваюцца бабулямі і дзядулямі. Паводле адмыслоўцаў унівэрсытэцкага каледжу Лёндану, якія прааналізавалі дадзеныя пра 12 тысяч брытанскіх дзяцей ва ўзросьце ад дзевяці месяцаў да трох гадоў, у такіх дзяцей залішнюю вагу знаходзяць у тры разы часьцей, чым у астатніх. Большую схільнасьць да атлусьценьня маюць таксама хлопчыкі і дзяўчаткі, якія жывуць у бабуль і дзядуляў часова — напрыклад, на вакацыях. Атлусьценьне адзначаецца ў іх на 15% часьцей у параўнаньні з тымі дзецьмі, якія наведваюць дзіцячыя садкі ці выхоўваюцца нянькамі.

Праблемы з залішняй вагой маюць і дзеці з забясьпечаных сем’яў. Паводле кіраўніцы групы дасьледчыкаў — прафэсаркі Кэтрын Ло, найчасьцей якраз у такіх сем’ях патураюць дзіцячым капрызам, якія правакуюцца тэлевізійнымі рэклямнымі ролікамі пра адпаведныя прадукты харчаваньня.

Як сьведчаць экспэрты СААЗ, праблема атлусьценьня набывае характар сапраўднай эпідэміі, а таму патрабуе экстраных захадаў для змаганьня зь ёю. У шэрагу індустрыяльных краін Захаду ладзяцца адмысловыя летнікі для дзяцей і моладзі, якім трэба скінуць залішнюю вагу.

У той жа Вялікабрытаніі ўсім навучэнцам другой і трэцяй клясы пачатковай школы абавязкова вымяраюць рост і вагу, робяць іншыя мэдычныя тэсты, а потым рассылаюць бацькам лісты са зьвесткамі пра стан здароўя іхніх дзяцей. Тым, хто мае залішнюю вагу, раяць прайсьці адмысловыя курсы, каб пахудзець. Апошнім часам найлепей зарэкамэндавалі сябе цэнтры для зьніжэньня вагі ў Ротэргэме і Нотынгэме. Яны працуюць пад патранатам Нацыянальнай службы аховы здароўя (NHS). Курс барацьбы зь лішняй вагой разьлічаны на 6 месяцаў і каштуе, уключна з пражываньнем, да 3 тысяч фунтаў стэрлінгаў.