Казаскі экспэрт: Супярэчнасьці Мытнага саюзу — нармальная рэч

Сёньня лідэры Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі дакумэнты аб уступленьні ў сілу агульнага Мытнага кодэксу для гэтых трох краінаў. Мы папрасілі пракамэнтаваць падзею Талганай Умбеталіеву, палітоляга з Алматы, дырэктара Цэнтральнаазіяцкага фонду разьвіцьця дэмакратыі.

РС: Ці маглі б вы коратка паясьніць нашым слухачам, у чым перавагі гэтага саюзу для Казахстану?

Умбеталіева: Я думаю, што гэтыя перавагі даволі вялікія, хоць на пачатковым этапе можа быць і вельмі шмат цяжкасьцяў. Па-першае, я думаю, што гэтыя перавагі ўключаюць павышэньне канкурэнтаздольнасьці нашых бізнэс-структураў. Гэта вельмі дарэчы, бо ў нас даволі амбітная мэта — увайсьці ў 50 найбольш разьвітых краінаў сьвету. Я думаю, што Мытны саюз дазволіць нам ажыцьцявіць шэраг эканамічных праграмаў. Але самае галоўнае — гэта павышэньне канкурэнтаздольнасьці нашых тавараў і выхад на вышэйшы, міжнародны ўзровень.

РС: Але ў гэтым саюзе існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі. Вось Беларусь хацела б, каб увядзеньне Мытнага кодэксу аўтаматычна адмяняла экспартнае мыта на расейскую нафту. Расея і Казахстан лічаць, што да фармаваньня адзінай эканамічнай прасторы і да ўступленьня ў сілу ўсіх дамоваў па гэтай адзінай прасторы кожны з бакоў мае права зьбіраць экспартнае мыта. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы міждзяржаўнага фармаваньня, у якога на самым пачатку такія розныя пазыцыі?
Мы назіраем выбудоўваньне новага фармату адносін між былымі савецкімі рэспублікамі – ідзе пошук кампрамісаў...


Умбеталіева: Я думаю, гэта было дастаткова прадказальна, што такія супярэчнасьці ўзьнікнуць. Тым больш, што галоўныя складнікам эканомікі як Расеі, так і Казахстану зьяўляецца нафта, а для Беларусі — гэта транспартаваньне нафты, тое, на чым там могуць зарабіць грошы. Я ня бачу ў гэтым сур’ёзных праблемаў для будучыні. Безумоўна, цяпер гэта праблематычна, але я ня думаю, што Мытны саюз ад гэтага прайграе, тым больш што цяпер мы назіраем выбудоўваньне новага фармату адносін між былымі савецкімі рэспублікамі – ідзе пошук кампрамісаў. Безумоўна, за апошнія 20 гадоў кожная рэспубліка прайшла свой шлях разьвіцьця, а таму цяперашнія спробы неяк інтэгравацца выклікаюць вось такія супярэчнасьці. Гэта даволі нармальная сытуацыя.

РС: Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў сёньня сказаў, што тры дзяржавы Мытнага саюзу будуць весьці супольныя перамовы аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Па-вашаму, Мытны саюз — гэта перашкода ці перавага на шляху гэтых краінаў у Сусьветную гандлёвую арганізацыю?
Паколькі Мытны саюз ужо ўступіў у сілу, дык гэтыя тры краіны будуць уступаць у СГА, зыходзячы з рэальна існуючай сытуацыі ...


Умбеталіева: Гэта даволі складанае пытаньне, таму што, наколькі я разумею, у кожнай з трох краінаў існуе свая пазыцыя адносна ўступленьня ў СГА. Як мы памятаем, Мядзьведзеў казаў, што ўсё залежыць ад хуткасьці. Калі разьвіцьцё Мытага саюзу пойдзе хутчэй, чым уступленьне ў СГА, то Расея выбірае Мытны саюз. Мне здаецца, што Мытны саюз вялікай перашкодай ня будзе, хоць шэраг краінаў у СГА даволі выразна заявілі сваю пазыцыю, гаворачы аб тым, што Мытны саюз будзе для іх перашкодай у СГА. Мне цяжка адназначна адказаць на гэтае пытаньне. Але паколькі Мытны саюз ужо ўступіў у сілу, дык гэтыя тры краіны будуць уступаць у СГА, зыходзячы з рэальна існуючай сытуацыі.