Беларусы-падляшукі паставілі выбарчы рэкорд

У Польшчы падлічылі больш чым 95% бюлетэняў у прэзыдэнцкіх выбарах. Браніслаў Камароўскі (Грамадзянская плятформа) набірае 52,6% галасоў і выразна выйграе ў Яраслава Качынскага (Права і справядлівасьць) — 47,4%. Разрыў паміж імі — больш за 800 тысяч галасоў. Трэба было б нейкага арытмэтычнага землятрусу, каб пазбавіць Камароўскага перамогі.
Польшча "А" і Польшча "Б"

Калі глянуць на геаграфію галасаваньня, дык Камароўскі перамог у дзевяці рэгіёнах (ваяводзтвах) заходняй паловы Польшчы, а Качынскі — у сямі рэгіёнах на ўсход ад Віслы (за выняткам вармінска-маўзурскага ваяводзтва).

Такі рэгіянальны расклад выбарчых сымпатый быў чаканы — ён зьяўляецца нечым ужо традыцыйным у польскай палітыцы. Усход краіны (меней індустрыялізаваны і наогул бяднейшы) галасуе за "кансэрватараў", то бок, за тых кандыдатаў, якія на дадзены момант уяўляюцца менш "праэўрапейскімі" і больш "традыцыйнымі". Захад краіны (адносна багацейшы) выбірае "лібэралаў", то бок, выразных прыхільнікаў інтэграцыі з Эўропай.

У сёлетнім паядынку "лібэралам" быў Браніслаў Камароўскі, а "кансэрватарам" — Яраслаў Качынскі. У 2005 годзе "лібэралам" быў Дональд Туск, а "кансэрватарам" — Лех Качынскі. А ў 1995 годзе ролю "праэўрапейскага лібэрала" выконваў сацыял-дэмакрат Аляксандар Квасьнеўскі, а "кансэрватарам-традыцыяналістам" быў Лех Валэнса.

Сацыёлягі па-рознаму тлумачаць геаграфічны падзел палітычных сымпатый палякаў. Некаторыя зьвяртаюць увагу, што абрыс мапы
Некаторыя сягаюць яшчэ глыбей у гісторыю і даводзяць, што расклад палітычных сымпатый палякаў адлюстроўвае даўнія межы паміж Прусіяй, Расеяй і Аўстра-Вугоршчынай.
палітычнай прыхільнасьці для "кансэрватараў-традыцыяналістаў" нагадвае мапу Польшчы перад ІІ сусьветнай вайною. А значыць, тлумачаць яны, за "традыцыяналістаў" галасуюць людзі, у якіх моцна ўгрунтаваная традыцыя польскага патрыятызму і каталіцызму.

Некаторыя сягаюць яшчэ глыбей у гісторыю і даводзяць, што расклад палітычных сымпатый палякаў адлюстроўвае даўнія межы паміж Прусіяй, Расеяй і Аўстра-Вугоршчынай, якія "разабралі" Польшчу пад канец XVIII стагодзьдзя. Тыя з даўняга "Кангрэсавага каралеўства" (расейская частка) і "Галіцыі" (аўстра-вугорская частка) галасуюць за "кансэрватараў-традыцыяналістаў", а тыя з даўняй Прусіі — за "праэўрапейскіх лібэралаў". То бок, мае значэньне genius loci — "пратэстанцкі дух", які нібыта лунае над заходняй часткай Польшчы і прымушае карэнных католікаў (у пераважнай большасьці, рэпатрыянтаў зь Беларусі і Ўкраіны пасьля 1944 году) выбіраць праэўрапейскую палітычную лінію, у адрозьненьне ад заседжаных католікаў з усходняй паловы краіны.

Кавалак Польшчы "А" ў Польшчы "Б"


На гэтую палітычную мапу Польшчы сваю адметную плямку ў кожных выбарах кладуць падляскія беларусы. Праваслаўныя падляшукі галасуюць не паводле ступені лібэральнасьці палітычнай праграмы кандыдата, а паводле яго адносін да гістарычна-рэлігійнай традыцыі. Кандыдат, які моцна падкрэсьлівае польскую гістарычную традыцыю, угрунтаваную на каталіцызьме, ня мае шанцаў у праваслаўных беларусаў.

А таму беларусы, якія найахвотней падтрымалі б праграму, якая вярнула б Польшчу да сацыялізму камуністычнай эпохі, навогул
Беларусы, якія найахвотней падтрымалі б праграму, якая вярнула б Польшчу да сацыялізму камуністычнай эпохі, навогул вымушаныя аддаваць свой голас за заўзятых эўрапейскіх інтэгратараў
вымушаныя аддаваць свой голас за заўзятых эўрапейскіх інтэгратараў, то бок, лібэралаў з Грамадзянскай плятформы і сацыял-дэмакратаў. Парадаксальна, эканамічная праграма Качынскага значна бліжэй да сэрца падляскага беларуса, чым праграма Камароўскага, але традыцыйныя каштоўнасьці з экспанаванай роляй каталіцызму, якія прапаведуе Качынскі — зусім нястраўныя для іх. І гэтая нястраўнасьць пераважае пры выбарчай урне.

У гэтых выбарах гміна Чыжы на Падляшшы (падляс.: Čyžê) паставіла рэкорд падтрымкі для Камароўскага па ўсёй краіне — у гміне, пры выбарчай яўцы 49%, за Камароўскага прагаласавалі 93% выбарцаў. Паводле перапісу 2002 году, беларусы складаюць у Чыжоўскай гміне 82% насельніцтва (гэта найбольшы адсотак беларусаў з усіх гмінаў у Польшчы). Больш за 90% галасоў Камароўскі атрымаў і ў дзьвюх іншых гмінах зь перавагай беларусаў — Орля (падляск.: Vôrla) і Гайнаўка-вясковая (падляс.: Hajnuvka). Паводле перапісу 2002 году, ў гміне Орля беларусы складаюць 69% жыхараў, а ў вясковай гміне Гайнаўка — 65%. У гэтых трох гмінах роднай мовай для беларусаў зьяўляецца падляская гаворка, адрозная як ад беларускага, так і ўкраінскага літаратурных стандартаў.

А вось у 2000 годзе, калі Аляксандар Квасьнеўскі выйграў прэзыдэнцкія выбары ў першым туры, Чыжы таксама паставілі рэкорд — за яго прагаласавала 99% выбарцаў у гміне. То бок, нават тыя, якія беларусамі сябе ня пішуць.

А па ўсім падляскім ваяводзтве сёлета зь нязначнай перавагай выйграў Качынскі ў Камароўскага. Вынік, зразумела, таксама чаканы.