Дамэн gov.by зьнік у нетрах "Белтэлекаму"

Учора Фінляндыя стала першай у сьвеце краінай, якая заканадаўча аформіла новае грамадзянскае права: ад 1 ліпеня там набыў сілу закон, які гарантуе насельніцтву права на доступ у інтэрнэт. Цяпер інтэрнэт-трафік юрыдычна нічым не адрозьніваецца ад аказаньня паштовых ці тэлефонных паслугаў. А вось у Беларусі ад учорашняга дня інтэрнэт адкінуты назад: у адпаведнасьці з указам аб "удасканаленьні нацыянальнага сэгмэнту" істотна ўзмацняецца кантроль над карыстальнікамі ў інтэрнэт-клюбах, уводзіцца абавязковая дзяржаўная рэгістрацыя сайтаў, а правайдэры мусяць захоўваць усю інфармацыю пра сваіх кліентаў.

Дзяржаўная інспэкцыя электрасувязі абвясьціла пра падаўжэньне тэрміну рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў. Як і прадказвалі хостынг-правайдэры, укласьціся ў тэрміны, адведзеныя дзяржавай на легалізацыю некалькіх дзясяткаў тысяч сайтаў, было немагчыма адпачатку. Паводле прадстаўнікоў ведамства, зараз на разглядзе знаходзіцца больш за 5 тысяч заявак, але колькасьць ужо зарэгістраваных рэсурсаў не ўдакладняецца.
Намагаюцца гэта ўсё прывесьці да нейкай адзінай формы, таму што сайты ўва ўсіх дзяржорганаў абсалютна розныя, па-рознаму гэта ўсё працуе, на розных плятформах


Чаму актыўнасьць у справе рэгістрацыі нашмат меншая, чым чакалася? Працэдура аўтаматычна прадугледжвае пераход на беларускі хостынг, які істотна даражэйшы. Фірмы, якія дагэтуль аказвалі беларускім кампаніям хостынг-паслугі з прапіскай у Расеі, прапаноўвалі арэнду сэрвэра і 1000 гігабайтаў замежнага трафіку менш чым за 1 мільён рублёў. Пры пераходзе на беларускае абслугоўваньне выдаткі павялічваюцца ў 2—2,5 раза пры трафіку ў 5—7 разоў меншым. Беларускія хостэры прызнаюць несуцяшальную арытмэтыку, але кажуць, што ў цяперашніх рэаліях інакш быць ня можа:

"Калі гаворка вядзецца пра выдзеленыя сэрвэры, то трэба разумець: па-першае, у нас кошт пазычаных грошай вышэйшы, па-другое, кошт абсталяваньня з-за мытных плацяжоў таксама вышэйшы. Таму і разьмяшчаць кліентаў, прапаноўваць сэрвэры ў арэнду мы можам толькі даражэй, чым гэта адбываецца ў Расеі і ўжо пагатоў — на Захадзе. То бок, калі браць пад увагу пэўныя аб'ектыўныя абставіны, то такое сьцьвярджэньне правільнае. Што тычыцца віртуальнага параўнаньня з той жа Расеяй, то гэта сьцьвярджаць не зусім карэктна: тут усё залежыць ад узроўню надзейнасьці і рэпутацыі хостынг-правайдэра".

Дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-рэсурсаў прадугледжваецца пастановай Савету міністраў № 644 і ўказам прэзыдэнта № 60. Прычым гэта тычыцца ня толькі юрыдычных асобаў зьмяшанай формы ўласнасьці і індывідуальных прадпрымальнікаў, але і дзяржаўных ведамстваў. Яны, у прыватнасьці, мусяць перавесьці свае адрасы ў дамэнную зону gov.by і mil.by. Аднак і назаўтра пасьля ўступленьня ў сілу нарматыўных дакумэнтаў ніводнае міністэрства ня можа пахваліцца своечасовай рэалізацыяй патрабаваньня. Праўда, як сьцьвярджае прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Віталь Сямашка, у дадзеным выпадку ўсе пытаньні — збольшага да ініцыятараў гэтага патрабаваньня, паколькі тэхнічную частку дзяржаўныя арганізацыі выканалі:

"Рассылаўся пакет дакумэнтаў, якія неабходна было запоўніць для пераходу. У тым ліку там былі розныя дадатковыя пытаньні. Гэты пакет дакумэнтаў быў запоўнены і адасланы назад у "Белтэлекам". І цяпер ужо яны павінны ў нейкія ім зразумелыя тэрміны разьмясьціць нас у іншай дамэннай зоне. Але мяркую, што гэта нават не яны затарможваюць працэс, бо ня думаю, што гэта настолькі складана ўсё хутка перанесьці. Напэўна, намагаюцца гэта ўсё прывесьці да нейкай адзінай формы, таму што сайты ўва ўсіх дзяржорганаў абсалютна розныя, па-рознаму гэта ўсё працуе, на розных плятформах. Таму, магчыма, намагаюцца прывесьці да адзінага парадку і ўжо тады выстаўляць. Прынамсі, пакуль што нам афіцыйна нічога не прыходзіла".

Карыстальнікі інтэрнэту ставяць пад сумнеў мэтазгоднасьць цэлага шэрагу навацыяў, акрэсьленых указам № 60. Найперш, пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў абавязаныя ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю абанэнцкіх прыстасаваньняў, весьці ўлік аказаных паслугаў і захоўваць зьвесткі пра іх, што ставіць крыж на ананімнасьці беларускага сэктару сеціва.

Апроч таго, указ упершыню рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да інфармацыі. Так, на патрабаваньне адпаведных органаў ці самога карыстальніка пастаўшчык абавязаны спыніць трафік. Адказныя за выкананьне нарматыўных дакумэнтаў настойваюць, што гэта робіцца ў інтарэсах грамадзтва. Гаворыць прадстаўнік Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Сяргей Руднеў:

"Прадугледжваецца прадстаўленьне спажыўцу паслугі абмежаваньня доступу да інфармацыі, якая забароненая заканадаўствам, альбо да інфармацыі, якую спажывец ня хоча бачыць у сябе на экране. З боку правайдэра будзе прадстаўлена адпаведная паслуга, якая забясьпечыць абмежаваньне непажаданай інфармацыі".

Прынцыпова новыя правілы пачалі дзейнічаць у адносінах да наведнікаў інтэрнэт-кавярняў і кампутарных клюбаў. Цяпер без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, тут рабіць няма чаго: за кампутар карыстальнікаў пускаюць, толькі перапісаўшы ўсе дадзеныя ў журнал уліку.