Анкета Свабоды: Валянціна Трыгубовіч

Валянціна Трыгубовіч

Валянціна Трыгубовіч — мастацтвазнаўца, сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Працавала ў рэдакцыі газэты «Голас Радзімы», часопіса «Мастацтва». Уваходзіла ў Беларускі народны фронт «Адраджэньне», была старшынёй камісіі па замежных сувязях. Узначальвала Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская пэрспэктыва». Сябра дзейнай рады Праваслаўнага брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў.




Што для вас свабода?


Магчымасьць думаньня і дзеяньня бяз страху і прымусу.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


У думаньні і выказваньнях — сфармаваная за савецкім часам самацэнзура, у іншым — стан здароўя і сьціплыя матэрыяльныя сродкі.



Што для вас шчасьце?


Жыць у суладзьдзі са сваёю душою, з роднымі і блізкімі, хоць у нейкае імгненьне адчуць: вось гэта і ёсьць тое, дзеля чаго Гасподзь даў табе зямное жыцьцё.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Дыназаўраў, агрэсіўных істотаў зь мізэрным розумам і прымітыўнымі пачуцьцямі ды з прагаю панаваць над усім.



Які талент вы хацелі б мець?


Прадбачаньня, каб засьцерагчы народ свой ад няслушных дзеяньняў, ад самагубства на гістарычным шляху.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Старэйшымі беларускімі жанчынамі, зь якімі ў розныя гады зводзіў лёс, у якіх вучуся і якім стараюся насьледаваць. Сярод іх ёсьць і знакамітыя асобы — як актрыса Вольга Галіна або паэтка Ларыса Геніюш, і мая вясковая бабуля Сьцепаніда...



Што вы найбольш любіце рабіць?


Чытаць добрую прозу, разводзіць кветкі, бавіць час з унукамі.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Час, патрачаны на марксізм-ленінізм ды палітэканомію сацыялізму, заняла б вывучэньнем замежных моваў. Бяз веданьня чужых моваў у сучасным сьвеце пачуваесься няўтульна.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


«Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства». Гэта з Пасланьня да галятаў сьвятога апостала Паўла (5:1).



Які ваш улюбёны дэвіз?


«Рабі, што можаш...»



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


У такой, дзе правы і свабоды кожнага чалавека сапраўды шануюцца.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


Мне найбольш утульна жыць у Беларусі.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


На маю думку, наша грамадзтва яшчэ псыхалягічна не гатовае бачыць першай асобай дзяржавы жанчыну. Калі б раптам такі цуд здарыўся, я павіншавала б людзей з гэтым мэнтальным скачком і заклікала б да наступнага: пачуйцеся беларусамі!



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Дзелавыя, партнэрскія.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Дзелавыя, партнэрскія.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А вы?


Не, нават калі гэты дыктатар — я сама.



Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Калі таго захочуць людзі і Бог паспрыяе... Але кіргіскі варыянт для мяне непрымальны!



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


БЕЛАРУСЫ па-беларуску гавораць... Калі маеце на ўвазе ўсіх жыхароў Беларусі, то гэта клопат дзяржавы, школы, зьмены пакаленьняў. Плюс індывідуальнае права выбару.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Уласным генафондам узбагацяць іншыя нацыі і народнасьці. А ў трэцім пакаленьні будуць шукаць свае карані...