Беларусь — Вэнэсуэла: нафта ў абмен на прадпрыемствы

Амэрыка Дыяс Нуньес

Амбасадар Вэнэсуэлы ў Менску Амэрыка Дыяс Нуньес сёньня выступіў з ацэнкай эфэктыўнасьці супольных праектаў, якія ягоная краіна выконвае зь Беларусьсю. Сярод іншага ён назваў прыбытковымі пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь.
Ён не назваў кошт нафты, якае прадаецца ў Беларусь ягонай краінай, але прызнаў, што гэта робіцца на льготных для Менска ўмовах.

У звароце з нагоды нацыянальнага сьвята Вэнэсуэлы, якое будзе адзначацца 5 ліпеня, амбасадар ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес канстатаваў: прэзыдэнт Уга Чавэс разглядае Беларусь як вельмі важнага саюзьніка, здольнага падтрымаць дынамічнае разьвіцьцё краіны ў сацыяльнай і эканамічнай сфэрах. Як пацьверджаньне — пералік галінаў, у якіх наладжаны шчыльны двухбаковы кантакт:

Сумесная здабыча нафты і газу ў штатах Ансаатэгі і Сулія, выведка радовішчаў, пастаўка сырой нафты на Мазырскі НПЗ.

Узьвядзеньне пры дапамозе беларускіх спэцыялістаў жыльля ў штатах Арагуа і Барынас, заводаў цэглы і дахоўкі ў штаце Міранда.

Будаўніцтва прадпрыемстваў, якія вырабляюць ячэісты бэтон, керамічную плітку, бардзюры і ізаляцыйныя матэрыялы.

Падвышэньне да 2 тысяч тон штомесяц пастаўкі беларускага сухога малака на вэнэсуэльскі рынак.

Пачатак працы ў 2011 годзе канвэераў па выпуску беларускіх трактароў і вялікагрузных аўтамабіляў; магчымасьць зборкі дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Рэарганізацыя тэрыторыі ваенна-паветранай базы «Лібэртадор» пад будоўлю міжнароднага аэрапорту і жылога комплексу ў горадзе Маракай.

Амбасадар Амэрыка Дыяс Нуньес абверг думкі пра палітызаванасьць беларуска-вэнэсуэльскіх адносінаў і стратнасьць танкерных паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь:

«Я хачу зьвярнуць увагу, што яшчэ летась паўставала зусім іншае пытаньне: ці магчымая ўвогуле пастаўка нафты ў Беларусь? Як вы пераканаліся, урэшце гэта стала магчымым. У гэтым годзе ўзьнікае новае
Калі б гэта не было рэнтабэльна, то гэтых паставак папросту не было б!
пытаньне: ці рэнтабэльны гэты бізнэс? Адказ відавочны: калі б гэта не было рэнтабэльна, то гэтых паставак папросту не было б! Трэба адзначыць, што такога кшталту стратэгічныя пагадненьні дасягаюцца на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Мы маем такія ж пагадненьні зь іншымі краінамі Лацінскай Амэрыкі, куды пастаўляем нафту на ільготных умовах. Але хацеў бы падкрэсьліць, што гэта таксама і жэст салідарнасьці, жэст падтрымкі беларускага народу. Зьвярніце ўвагу, што гэты бізнэс, гэтыя адносіны — вельмі стабільныя і рэнтабэльныя, паколькі ўжо ёсьць пляны на 2011 год, разьлічаныя на яшчэ большыя аб’ёмы — 10 мільёнаў тон нафты. Таму, думаю, гэта відавочны адказ на тыя пытаньні, якія ўзьнікаюць наконт мэтазгоднасьці гэтага праекту».

Аднак пацьвердзіць сказанае лічбамі амбасадар не адважыўся — маўляў, у кожнай справе ёсьць свае камэрцыйныя тайны:

Амэрыка Дыяс Нуньес паказвае месцы, дзе працуюць беларусы.
«Вядома, ёсьць пэўныя камэрцыйныя таямніцы, якія, праўда, урэшце выходзяць на яву. Так што цярпеньне і спакой — толькі спакой. Адзінае, што магу патлумачыць у гэтай сытуацыі: нашы захады — гэта ня дзеяньні манаполіі, якая хацела б навязаць свае кошты, свае цэнавыя ўмовы. Як вы бачыце, нафтавыя танкеры прыбываюць, мы чакаем прыбыцьця новых, бо ўжо было сказана пра колькасьць новых танкераў, якія мы чакаем у ліпені. Але справа ў тым, што гэта пытаньне даверу. Мы ня хочам рабіць спэкуляцый у гэтай справе. Але факт, што нафта прыбывае, перапрацоўваецца ў Беларусі і прадаецца на зьнешніх рынках з улікам нацыянальных інтарэсаў вашай краіны. То бок хачу яшчэ раз пацьвердзіць: Вэнэсуэла выконвае свае дамоўленасьці, свае абяцаньні і падтрымлівае Беларусь. Зрэшты, гэтак жа, як Беларусь падтрымлівае Вэнэсуэлу».

Аляксандар Лукашэнка паставіў перад урадам задачу выйсьці да канца году на паказьнік 4 мільёны тон нафтавых паставак з Вэнэсуэлы. Аднак пры цяперашніх тэмпах гэтая лічба наўрад ці перавысіць 1,5 мільёна тон. Праўда, вэнэсуэльскі амбасадар запэўнівае, што інтэнсіўнасьць нафтавага трафіку можна істотна павялічыць.

Журналістаў цікавіла і інфармацыя наконт магчымага ўдзелу Вэнэсуэлы ў акцыянаваньні беларускіх прадпрыемстваў. Прыкладам, былі зьвесткі, што ў агляднай будучыні Беларусь зьбіраецца прадаць каля 25% акцый сваіх аўтамабільных гігантаў — МАЗу і БелАЗу, на якія нібыта паклала вока Вэнэсуэла. Меркаваны прыбытак ад зьдзелкі — 1 мільярд даляраў. Амбасадар пацьвердзіў, што такія пляны ёсьць, аднак пра нейкі вынік можна будзе казаць пасьля чарговай сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх краінаў:
Вэнэсуэла сапраўды будзе ўдзельнічаць у акцыянаваньні некаторых беларускіх прадпрыемстваў.


«Яшчэ ад мінулага году існуе праект, у адпаведнасьці зь якім Вэнэсуэла сапраўды будзе ўдзельнічаць у акцыянаваньні некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Беларуская эканоміка не перажыла такога крызісу, як іншыя, і мы бачым, што яна знаходзіцца на ўздыме. І падчас візыту ў Беларусь прэзыдэнта Чавэса, які ўжо анансаваў Аляксандар Лукашэнка на восень гэтага году, мы думаем, што яны прыйдуць да пэўных дамоўленасьцяў у гэтым пытаньні. Пакуль жа яны дасягнутыя не былі. Але і МАЗ, і БелАЗ знаходзяцца ў сьпісе прадпрыемстваў, якія Вэнэсуэла зацікаўленая падтрымаць. Шчыра кажучы, пакуль няма інфармацыі адносна нейкіх лічбаў, але пагадненьне абмяркоўваецца. Канкрэтных дамоўленасьцяў пакуль няма ніякіх».

Апроч эканамічных інтарэсаў, Беларусь і Вэнэсуэла дэманструюць адзінства палітычных памкненьняў. У прывітальным слове да кіраўніка Беларусі амбасада Вэнэсуэлы канстатуе, што знайшла ў асобе Лукашэнкі «надзейнага і шчырага партнэра ў барацьбе за ўмацаваньне нацыянальнай незалежнасьці ў атмасфэры поўнай дэмакратыі і сацыяльнай справядлівасьці на шляху да сацыялізму ХХІ стагодзьдзя».