"Зрабіце ласку хоць перад сьмерцю: не чапайце мой "Запарожац"..."

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111" — агляд лістоў нашых слухачоў.

Звычайна лічыцца, што пэнсіянэры — самая надзейная і ўстойлівая апора ўлады ў беларускім грамадзтве, што яны, пачынаючы з '94-га году, з захапленьнем працягваюць галасаваць за Аляксандра Лукашэнку і ягоных вылучэнцаў на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах.

Ці так гэта? Якія настроі пануюць у асяродзьдзі сёньняшніх беларускіх пэнсіянэраў? Ці задаволены яны тым, як улада рэагуе на іхныя запатрабаваньні?

Адметны ліст на гэту. тэму, зь якога пачну сёньняшнюю размову, атрымалі мы на мінулым тыдні ад Міхала Іванова з Магілёва. Спадар Міхал — чалавек не палітызаваны, барацьба за ўладу яго мала абыходзіць. А найбольш турбуе звычайнага пэнсіянэра тое, што ўлада фактычна пазбаўляе яго магчымасьці карыстацца найбольшай каштоўнасьцю, якую ён зарабіў за дзесяцігодзьдзі працы ў краіне, дзе перамог сацыялізм. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Мне 74 гады. Маю ўласнае аўто — ЗАЗ, ён жа "Запарожац". Набыў яго ў 1980-м годзе. Вельмі дорага абышлася мне гэтая машына. 15 год стаяў у чарзе. Столькі ж часу зьбіраў грошы (5100 рублёў пры зарплаце 80—150 рублёў). Выдалі дазвол, як перадавіку вытворчасьці — паводле характарыстыкі з цэху, дазволу прафкаму і зацьвярджэньня гарвыканкаму. Скончыў курсы. За ўсе мінулыя гады ніякіх заўвагаў ад Дзяржаўтаінспэкцыі ня меў.

Але цяпер мой ЗАЗ стаў для мяне занадта дарагі. Мэдкамісія, страхоўка, тэхагляд — за год набягае тысяч 200. Сама мая машына столькі не каштуе. Тым больш што я ў горад амаль ня ежджу, за год выяжджаю з гаража разоў 15—20. І куды выяжджаю? На пахаваньні да сяброў і знаёмых ды па прадукты. Дык чаму мяне прыраўналі да тых, хто мае сучасныя эўрапейскія машыны? Несправядліва, крыўдна.

А як прайсьці тэхагляд? Усе ж ведаюць, што машыны ў тыя гады ў СССР рабілі "цяп-ляп". Мой ЗАЗ жарэ бэнзіну да 14 літраў на 100 кілямэтраў. Майстэрні ў рамонт яго не бяруць, бо любы рамонт даражэйшы за само аўто ў некалькі разоў.Таму і выяжджаю я з гаража вельмі рэдка, і то па-партызанску, цішком. Навошта ж такі зьдзек з заслужаных пэнсіянэраў ды іхных "Запарожцаў"?

Пакуль я жывы, гэтае аўто будзе са мной. Мой ЗАЗ — частка майго жыцьця, і я рады яму. Пэнсія ў нас далёкая ад паўсядзённых патрэбаў, не хапае нават на добрае харчаваньне ды на лекі. А яшчэ ж і на пахаваньне трэба адкладваць.

І што рабіць нам, старым? Я ня супраць аддаць уладзе свой ЗАЗ, але няхай яна тады забясьпечыць мяне транспартам. Ці няхай верне таго каня, якога забрала ў калгас. Калі забіралі, абяцалі, што будзем жыць пра камунізьме, што ўсяго дадуць удосталь. Як жа, далі — адабралі ў рабочага і селяніна апошняе. І пляцемся ў хвасьце адсталых краін. Што цікава — самі начальнікі на "Запарожцах" езьдзіць чамусьці ня хочуць — ня бачыў такога ніводнага.

Прашу ўладу: перастаньце абдзіраць і прыгнятаць нас, заслужаных будаўнікоў камунізму, а сёньня — жабракоў-пэнсіянэраў зь ліку абяздоленых рабочых і сялян. Зрабіце нам такую ласку хоць перад сьмерцю".


Подпіс: Міхал Іваноў, мэханік, пасёлак Камчатка. Магілёў.

Копію гэтага ліста спадар Міхал накіраваў міністру ўнутраных спраў.

Ня ведаю, што адкажа ўлада старому мэханіку. Фармальна міністар можа спаслацца на закон, паводле якога ўладальнікі сучаснага "Мэрсэдэса" коштам 100 тысяч даляраў і 30-гадовага "Запарожца" коштам 50 даляраў аднолькава павінны плаціць і за тэхагляд, і за страхоўку, і за ўсё астатняе...

Але ў сапраўднасьці менавіта ўлада нясе маральную адказнасьць перад спадаром Міхалам і сотнямі тысяч ягоных аднагодкаў, якія гэтак жа, як і ён, аддалі дзесяцігодзьдзі цяжкой і малааплатнай працы на тое, каб перад пэнсіяй праз прыніжэньні і зьнявагі атрымаць ад камуністычнай улады вялікую ласку — дазвол на набыцьцё за шалёныя грошы цуда савецкага аўтапраму — аўтамабіля "Запарожац", падобнага да гібрыду інваліднай мотакаляскі і ваеннага матацыклета.

Гэты "Запарожац" для спадара Міхала, вядома, нешта значна большае, чым куча старых жалязяк, на якой ён умудраецца перамяшчацца ў прасторы. Гэта — сымбаль усяго яго мінулага жыцьця, зьдзейсьненых і нязьдзейсьненых мар, спраўджаных і падманутых спадзяваньняў.

Відавочна, што гэты "Запарожац" нават у новым стане ніколі не адпавядаў ніякім экалягічным нормам і прайсьці тэхагляд пры аб'ектыўным падыходзе ён ня здольны паводле азначэньня. Гэтак жа відавочна, што ў спадара Міхала ніколі ня будзе грошай, каб набыць сабе больш-менш прыстойную дзесяцігадовую машыну заходняй вытворчасьці. На пачатку 90-х гадоў у яго і такіх, як ён, адабралі апошнія зьберажэньні з ашчадных кніжак, а цяпер крывадушна робяць выгляд, што гэтыя грошы нібыта бясьсьледна зьніклі: зьела інфляцыя. Нікуды яны ня зьніклі: надзейна ўкладзеныя ў катэджы ў Драздах ды іншых маляўнічых мясьцінах на ўскраінах гарадоў, у шыкоўныя аўтамабілі, на якіх езьдзяць высокапастаўленыя чыноўнікі. Вось адмовіўся б спадар міністар ад адной сваёй месячнай зарплаты ды набыў Міхалу Іванову якую-небудзь кітайскую малалітражку — як кампэнсацыю за ўсе крыўды, рэквізыцыі, недаплачаныя заробкі і пэнсіі, абясцэненыя ўклады — так бы мовіць, дзеля трыюмфу сацыяльнай справядлівасьці, пра якую так шмат гаворыць цяперашняя ўлада... Але ж ня будзе гэтага ніколі.

На тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напісаў нам Мікола Лавіцкі зь Менску. Акцэнтуючы ўвагу на спробах апазыцыі дамовіцца наконт адзінага кандыдата, слухач адзначае:

"На маю думку, гэтая валтузьня толькі на карысьць цяперашняму рэжыму. Маўляў, спрачайцеся, лайцеся, перасаджвайцеся зь месца на месца — ад гэтага рэжым нават не пахісьнецца.

Пры цяперашняй сытуацыі, якая нічым не адрозьніваецца ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, трэба, каб кандыдатаў ад дэмакратычнага блёку было як мага болей. Гэта даставіць рэжыму больш клопату і хваляваньня, а простым грамадзянам дасьць больш інфармацыі. А вось ісьці на такіх выбарах, на якіх будзе балятавацца Лукашэнка, да канца — значыць быць здраднікам дэмакратыі. Шарлатаны тыя, хто спадзяецца на перамогу пры такой сытуацыі. Як лічаць галасы на гэтых выбарах — усім добра вядома.

Мае назіраньні паказваюць, што большасьць людзей ня вераць у справядлівы падлік галасоў. Добрая траціна адразу заяўляе, што на выбары, у якіх удзельнічае ЁН, галасаваць ня пойдуць. Але ёсьць і іншая частка грамадзтва. Гэта, як правіла, старэнькія бабулі, ваяўніча настроеныя дзядкі, інваліды, некаторая частка прыкормленай ці загіпнатызаванай дзяржаўнай прапагандай моладзі. Яны на выбары пойдуць. Разважаюць так: "Як жа не пайсьці, ён жа дае пэнсію, стараецца, езьдзіць паўсюль, кантралюе, карае ліхаімцаў..."
.

Не пагаджуся з вашым, спадар Мікола, сьцьвярджэньнем, што цяперашняя перадвыбарчая сытуацыя ў Беларусі "нічым не адрозьніваецца ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў". Адрозьніваецца, і істотна. Масква больш ня хоча фінансаваць рэжым Лукашэнкі сваімі таннымі нафтай і газам. Чарговая "газавая" вайна і цьвёрды намер Расеі захаваць для Беларусі высокія мытныя пошліны на нафту доказна пра гэта сьведчаць. Значны рост пэнсіяў і заробкаў, які адбываўся ў Беларусі ў сярэдзіне мінулага дзесяцігодзьдзя, у значнай ступені забясьпечваўся менавіта гэтымі некалькімі мільярдамі даляраў, атрыманымі за кошт Расеі. Цяпер расейскіх мільярдаў яўна ня будзе, а значыць, ня будзе і абяцанай 500-даляравай сярэдняй зарплаты. Усё гэта можа істотна адбіцца на ходзе выбарчай кампаніі.

Наша слухачка Ірына Малько з Мазыра зьвяртае ўвагу на нядаўні пагром уладамі грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" і перасьлед іншых грамадзкіх актывістаў. У сваім лісьце спадарыня Ірына піша:

"Далучаю свой голас у абарону Яўгена Якавенкі з Гомелю і ўсіх удзельнікаў кампаніі "Гавары праўду!", якія пацярпелі за справядлівую справу. Таксама хачу выказаць падтрымку Францішку Вячорку, які павінен быў стаць нашым (і маім) дэпутатам, але нялюдзкая сыстэма не дазволіла гэта зрабіць. Зь цяжкасьцю верыцца, што ўсё гэта адбываецца на пачатку 3-га тысячагодзьдзя. Нахабная хлусьня, фальшаваньне, беззаконьне, як чартапалох, запаланілі нашу краіну, якую мы на пачатку 90-х гадоў толькі-толькі пачалі ачышчаць ад бальшавіцкага бруду. Такое ўражаньне, што Лукашэнка сабраўся адраджаць колішнюю кампартыю. Усе былыя намэнклятуршчыкі — на кіроўных пасадах. А людзей пазбавілі ўсякіх грамадзянскіх правоў ды зьдзекуюцца зь іх, як пажадаюць. Але за гэта ім рана ці позна давядзецца трымаць адказ".

Адраджаць колішнюю кампартыю Аляксандар Лукашэнка наўрад ці наважыцца: чым скончылася будаўніцтва камунізму ў СССР, ён добра памятае. А вось для стварэньня паўнавартаснай праўладнай партыі, якая б без усялякіх камуністычных ідэяў дапамагала неабмежаваны час утрымліваць аднаасобную ўладу, у Беларусі ўсё гатова. Створаная і ўзначаленая намэнклятурнымі чыноўнікамі грамадзкая арганізацыя "Белая Русь" можа ператварыцца ў палітычную партыю ў любы момант — як толькі на тое будзе воля гаспадара.

На працягу некалькіх мінулых тыдняў мы шмат паведамлялі пра аўдыёкнігу Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому", якая выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Прэзэнтацыі яе адбыліся ў розных гарадах Беларусі. У многіх нашых слухачоў — сваё прачытаньне Быкава, уласнае стаўленьне да спадчыны вялікага пісьменьніка. Далей — некалькі лістоў на гэтую тэму.

Вось што піша нам Яўген Чарнавец зь вёскі Калодзежы Чэрвеньскага раёну:

"Вялікі дзякуй за магчымасьць пачуць жывы і праўдзівы голас Васіля Ўладзіміравіча Быкава. Вы зрабілі вялікую і патрэбную працу для тых, хто жыве і яшчэ будзе жыць".


Аўтар наступнага ліста Станіслаў Кавалёў зь Менску піша:

"Час ад часу з хваляваньнем перачытваю творы вялікага Васіля Быкава — асабліва раман "Мёртвым не баліць" і кнігу "Доўгая дарога дадому". У свой час, напрыканцы 60-х гадоў, мне пашчасьціла некалькі разоў чуць выступы Васіля Ўладзіміравіча ў бібліятэцы "Юнацтва" (на месцы цяперашняй кнігарні "Акадэмкніга"). Да мудрага роздуму пісьменьніка хочацца пэрыядычна вяртацца. Таму з такой радасьцю даведаўся, што ёсьць шанец атрымаць выпушчаны "Свабодай" дыск з голасам вялікага пісьменьніка".

І апошні ў сёньняшнім аглядзе ліст на гэтую тэму — ад Генрыха Даніловіча зь Вілейкі. Слухач піша:

"Слухаю вашы галасы яшчэ са школьных гадоў. Зараз мне амаль 53 гады. Перадачамі ў большасьці задаволены. Вялікі прыхільнік "Свабоды" і мой родны брат Зыгмунт, які жыве ў Маладэчне.

Васіль Быкаў (сьветлая яго памяць) для нас — як родны чалавек. Неяк былі ў Менску, адмыслова наведалі Ўсходнія могілкі — месца яго вечнага спачыну"
.

І вы, спадар Генрых, і многія іншыя сябры "Свабоды" — аўтары цікавых лістоў і ўдзельнікі нашых апытаньняў і конкурсаў — неўзабаве атрымаеце дыск з запісам аўдыёкнігі Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому" — у якасьці падарунка ад нашага радыё.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by