Справу Руслана Канавалава, якога вінавацілі ў незаконным распаўсюдзе друкаваных выданьняў, аршанскі гарадзкі суд спыніў праз адсутнасьць доказаў.
Судзьдзя Тацяна Герасімовіч спыніла справу, ініцыяваную супраць моладзевага актывіста супрацоўнікамі аршанскай транспартнай міліцыі.
Нагодай для судовага разгляду сталіся падзеі 30-га красавіка. Супрацоўнікі транспартнай міліцыі затрымалі Руслана Канавалава на аршанскім вакзале ды канфіскавалі ў яго 1700 балёнікаў зь лягатыпам кампаніі «Гавары праўду», а таксама каля тысячы ўлётак з партрэтам паэта Ўладзімера Някляева, лідэра гэтай грамадзкай кампаніі.
Пазьней, 11 траўня, на моладзевага актывіста склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 — за незаконны распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў. Хаця Руслан Канавалаў толькі прывёз зь Менску ўсе гэтыя агітацыйныя матэрыялы на просьбу яшчэ аднаго мясцовага актывіста, Алеся Шутава, і фактаў распаўсюду не было.
Паветраныя балёнікі міліцыянты вярнулі яшчэ ў траўні. Аднак улёткі ўсё ж аднесьлі да катэгорыі пэрыядычных друкаваных выданьняў. Гэта сёньня ўдалося аспрэчыць падсуднаму Руслану Канавалаву і сьведку ў судовым працэсе — Алесю Шутаву.
Цяпер актывісты мяркуюць пісаць скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў, якія канфіскоўвалі балёнікі ды ўлёткі. Канфіскаванае дагэтуль захоўваецца недзе ў пастарунку.
Падобная судовая справа чакае і віцебскіх актывістаў кампаніі «Гавары праўду». У той самы дзень, 30-га красавіка, міліцыянты канфіскавалі прывезеныя зь Менску агітацыйныя матэрыялы і на віцебскім чыгуначным вакзале.