Чэрвень з Быкавым: “Толькі пры наяўнасьці свабоды і незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі"

У чэрвені 2002 году Васіль Быкаў у Празе на просьбу Радыё Свабода начытаў кнігу ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, якая неаднаразова гучала на хвалях Свабоды. Сёлета мы падрыхтавалі падарунак нашым слухачам – выдалі дыск з аўдыёзапісамі аўтарскага чытаньня. На ім таксама зьмешчаныя поўныя тэксты мэмуарнай прозы Быкава, а таксама ўсе кнігі, якія выйшлі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. 21-ае стагодзьдзе”, і ў тым ліку – кніга “Быкаў на Свабодзе”.
“Ня першы дзень і ня толькі для Беларусі робіцца неабвержнай ісьціна: толькі пры наяўнасьці свабоды і незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі. Калі ж незалежнасьці ня будзе, дык на сёньня і скончыцца нашая гісторыя. У ранейшым вялацечным стане яе гісторыя працягвацца ня зможа. Такі мой дылетанцкі прагноз. Але як і ўсе прагнозы, гэткі прагноз наўрад ці спраўдзіцца, і тое дае надзею. Надзею на ўсеўратавальную парадаксальнасьць гісторыі. Як пісала калісьці Лэся Ўкраінка, “Без надзеі такі спадзяваюся”. Што ж яшчэ застаецца рахманаму беларусу? Мабыць, здольнасьць, як і патрэба спадзявацца, дадзеная чалавеку ад Бога і далёка не заўсёды падмацаваная доказнай базай”.



Калі вы хочаце атрымаць дыск – пішыце на адрас Свабоды: Менск, 220005, паштовая скрынка 111.

Увесь чэрвень месяц нараджэньня і сьмерці пісьменьніка – штодня на хвалях Свабоды будзе гучаць цытата Васіля Быкава.

***

Гл. таксама:

Быкаў на Свабодзе. — 2005. — 662 с.: іл. — 2-е выд. (PDF)

Чытаем Быкава

Наш Васіль Быкаў. На пытаньні пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніка адказваюць Ірына Міхайлаўна Быкава, ягоныя сябры, блізкія яму асобы.