Трэці танкер з вэнэсуэльскай нафтай ужо ў Адэсе

  • БелаПАН
На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе чарговую партыю вэнэсуэльскай нафты чакаюць у канцы чэрвеня.
Як падае БелаПАН, танкер з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі прыбыў у Адэскі порт 29 чэрвеня. У дыспэтчарскай службе порта, судна пакуль стаіць на рэйдзе. Плянуецца, што сёньня яно будзе пададзена да прычалу, і пачнецца перапампоўваньне нафты ў рэзэрвуары. На борце танкера знаходзіцца прыкладна 80 тысяч тон нафты маркі "Санта-Барбара".

На Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе другую партыю вэнэсуэльскай нафты чакаюць у канцы чэрвеня. Першая партыя ўжо перапрацавана, сьветлыя нафтапрадукты з вэнэсуэльскай сыравіны накіраваны ў асноўным ва Ўкраіну.

Нагадаем, танкер зь першай партыяй вэнэсуэльскай нафты для Беларусі прыбыў у Адэсу 25 красавіка, другі — 19 чэрвеня. 23 чэрвеня завяршылася яго разгрузка.

28 чэрвеня на нарадзе па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сёлета з Вэнэсуэлы павінна паступіць 4 млн. тон нафты. "Танкеры ўжо ідуць, але трэба, каб праца ішла хутчэй. У наступным годзе аб'ёмы паставак згодна з плянам павінны ўзрасьці да 10 млн. тон", — заявіў прэзыдэнт. Ён паведаміў, што прапрацоўваюцца варыянты з іншымі нафтаздабыўнымі дзяржавамі.