Не карайце школьнікаў за памылкі

"Бацька" фанографа, электронікі, чалавек, які прапанаваў на пачатку тэлефоннай размовы гаварыць"алё!" — Томас Эдысан. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы, грамадзкі дзеяч, гуманіст Альбэрт Эйнштэйн. Галівудзкая зорка, рэжысэр, прадусэр, сцэнарыст, адзін з самых высокааплатных актораў у сьвеце Том Круз. Яшчэ адзін улюбёнец жанчын, брытанскі кінаактор, выканаўца галоўных роляў у касавых карцінах "Валадар пярсьцёнкаў" і "Піраты Карыбскага мора" Арланда Блум. Брытанскі рок-сьпявак, адзін з заснавальнікаў "залатога складу" групы "Black Sabbath" Озі Осбарн... Усе яны зь дзяцінства мелі агульную праблему — легастэнію, або дысьлексію.

З Альбэрта Эйнштэйна за памылкі ў дыктоўках сьмяялася ўся школа


Часам яе яшчэ называюць "слоўнай сьлепатой". Яна абумоўленая недастатковай актыўнасьцю левага паўшар’я мозгу, што вядзе да парушэньня тонкай маторыкі. Людзей з гэткім парушэньнем, паводле адмыслоўцаў, у сьвеце налічваецца да 15%. З прычыны прыроджаных асаблівасьцяў легастэнікам, якія нярэдка маюць высокі інтэлект, зь дзяцінства бывае няпроста чытаць і пісаць. Ім бывае складана распазнаваць гукі, запамінаць словы, рыфмы і г.д.

Паводле біёграфаў Альбэрта Эйнштэйна, гэты навуковец, які лічыцца ці не найразумнейшым чалавекам свайго часу, у дзяцінстве блытаў правае і левае, рабіў на пісьме жудасныя памылкі і лічыўся ў школе адным з самых няздатных вучняў. Урэшце вядомы нямецкі афтальмоляг Рудольф Бэрлін, якому і належыць тэрмін "дысьлексія" (са старажытнагрэцкай: δυς- — "складанасьць", λέξις — "слова"), знайшоў у будучага генія выбарачнае парушэньне такіх навыкаў пры захаваньні агульных высокіх здольнасьцяў да навучаньня.

Паводле адмыслоўцаў, у сьвеце налічваецца да 15% людзей , якія зь дзяцінства маюць праблемы з чытаньнем і пісьмом, якім складана распазнаваць гукі, запамінаць словы, рыфмы і г.д.

Сёньня ў краінах Захаду людзям з гэтай праблемай аддаецца шмат увагі. У выніку ім значна лягчэй інтэгравацца ў грамадзтве.

22-гадовая Ан’я Енсэн з паўднёванямецкага гораду Фленсбург вучыцца ў нямецкім Гарвардзе — Гайдэльбэргу. Яна — будучы эканаміст.

Дыьслексія ў яе сям'і — спадчыннае захворваньне. Маці Ан’і з прычыны асаблівасьцяў тонкай маторыкі было цяжка атрымаць адукацыю. Ан’я ж нарадзілася ў час, калі легастэнію ўжо афіцыйна прызналі ў Нямеччыне як нэўралягічную паталёгію. Дзяўчына хадзіла ў звычайную школу, дзе чытала і пісала горш за іншых у клясе.

"Я добра ведала ўсе правілы правапісу. Аднак калі супастаўляла зь імі тое, што пісала сама, то гэта атрымлівалася вельмі марудна. Калі ж я сьпяшалася, каб угнацца за сваімі аднаклясьнікамі, то рабіла шмат памылак", узгадвае Ан’я. Амаль да апошняй клясы настаўнікі ня ставілі дзяўчынцы аніякіх адзнак па гэтых дысцыплінах. З Ан’яй займаліся школьныя псыхолягі. Яны вучылі яе пэўным практыкаваньням, каб палепшыць каардынацыю правай і левай доляў мозгу. Акрамя таго, дзяўчынцы рэкамэндавалі як мага часьцей слухаць музыку. Аўдыяваньне, лічаць нямецкія навукоўцы, можа палепшыць здольнасьць легастэнікаў да чытаньня і пісьма.

Дысьлексікі маюць пэўныя праблемы пры навучаньні. Заканадаўства Нямеччыны і шэрагу іншых заходніх краінаў прадугледжвае, каб адмыслоўцы рэгулярна сустракаліся зь імі і абмяркоўвалі адпаведныя праблемы. Такія вучні атрымліваюць дадатковы час для тэстаў, карыстаюцца кампутарам з праграмай праверкі артаграфіі. Як і многія іншыя легастэнікі на Захадзе, Ан’я не саромецца сваёй праблемы.

Што да кіназоркі Арланда Блума, які запачаткаваў праект у падтрымку дзяцей-дысьлексікаў, дык ён нярэдка згадвае пра сваю легастэнію. Ён кажа, што гэтая асаблівасьць псыхічнага разьвіцьця перашкаджае яму чытаць сцэнары і вучыць песьні.

Том Круз з-за легастэніі ня змог атрымаць правы пілёта

Толькі дзякуючы такой матывацыі, як матацыкл, які абяцала яму падарыць маці, будучы кінаактор здолеў прачытаць у юнацтве 50 кніг. Падчас адмысловай прамовы, на якую ён быў запрошаны ў Ракфэлераўскі ўнівэрсытэт у Нью-Ёрку, Блум адзначыў, што менавіта гэтыя 50 кніг, чытаньне якіх далося яму зь вялікай цяжкасьцю, і дазволілі яму супрацьстаяць дысьлексіі.

Што да галівудзкай зоркі Тома Круза, то, паводле ягоных слоў, легастэнія не дазволіла яму спраўдзіць галоўную юнацкую мару — атрымаць ліцэнзію авіяпілёта. У выніку ён стаў акторам.

Як сьведчаць адмыслоўцы, асаблівасьці мысьленьня, якія назіраюцца ў легастэнікаў, і зьвязаныя зь імі складанасьці прымушаюць людзей разьвіваць крэатыўнасьць.

Дарэчы, у носьбітаў розных моў дыслексія выяўляецца па-рознаму. У выпадку з ангельскай, у якой словы пішуцца зусім ня так, як вымаўляюцца, большасьці легастэнікаў цяжка чытаць. У носьбітаў славянскіх моў пераважаюць праблемы зь пісьмом.

Што да Беларусі, іншых былых савецкіх рэспублік, дзе 80 гадоў таму пачалася барацьба зь непісьменнасьцю, дык тут дзяцей, які робяць памылкі на пісьме, па-ранейшаму залічаюць у гультаі, дурні і двоечнікі. Ад гэтага разьвіваюцца комплексы, нэўрозы, зьніжаецца самаацэнка.