Дырэктар гуказапісвальнай кампаніі «БелТонМедыя», перакладчык, паэт. Мае 24 гады, нарадзіўся і жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Магчымасьць зьдзяйсьняць задуманае.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Нутраную, дзякуй Богу, нішто не абмяжоўвае, вонкавую – магчымасьці, абставіны і, часьцяком, дурата.
Што для вас шчасьце?
На сьвеце многа шчасьцяў: кожны дзень столькі ўсяго адбываецца, і кожны дзень шмат новых шчасьцяў. Калі пра нешта адно, то пачуцьцё гармоніі.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Ніколі над гэтым не задумваўся. Але, мабыць, таго ж, чаго і кожны нармалёвы чалавек – страты блізкіх.
Які талент вы хацелі б мець?
Даводзіць усё распачатае да завяршэньня. Спрабую яго, гэты талент, выпрацоўваць.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Як кожны малады чалавек, які праз свой узрост досыць лёгка паддаецца ўплыву звонку, я час ад часу захапляюся – практычна кожным энэргетычна зараджаным і сапраўды дзейсным члавекам. Калі ў пэрсаналіях, то Лявонам Вольскім і Ўладзімерам Някляевым, Сяргеем Міхалком і Ўладзімерам Арловым. І… і… і… .
Што вы найбольш любіце рабіць?
Дарыць сваёй каханай дзяўчыне кветкі. А потым глядзець зь ёю кіно і ўсё астатняе.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
На шчасьце, яшчэ гэтае жыцьцё як сьлед не пражыў, таму думаць пра такое зарана. Але калі б нарадзіўся наноў, то і тое, новае жыцьцё, пражываў бы напоўніцу.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Нават найлепшую параду мала проста атрымаць, трэба яшчэ знайсьці ў сабе сілы да яе прыслухацца. Спадзяюся, што найлепшае парады яшчэ не атрымаў.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Усё было, ёсьць і будзе добра!!! :)
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У той, якая б не замінала працаваць. Каб не стварала перашкодаў для вядзеньня бізнэсу і не тлуміла галаву непатрэбшчынаю, найлепей – проста ў незаўважнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Напэўна, досыць папулярны адказ на гэтае пытаньне ў гэтай анкеце: у той, у якой жыву.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Мне блізкая думка некаторых шанаваных мною людзей, што мы самі фармуем эпоху. Таму, калі не задавальняе эпоха, то гэта не эпоха кепская, а мы ў ёй або нешта ня так, або мала і недастаткова робім.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Гэта немачыма. Але калі паводле нейкага фантасмагарычнага сцэнару такое ўсё ж сталася б, то найперш знайшоў бы чалавека, хто найбольш пасуе на гэты пост і з наступнага дня прызначыў бы на пасаду яго. А яшчэ прыняў бы закон пра дубляваньне замежных стужак на беларускую і па звальненьні заняўся б перакладам фільмаў.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Цывілізаваныя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Цывілізаваныя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Мне было б цікава паглядзець на гэтых некаторых.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Мяркуючы з апошніх падзеяў, агульнацывілізацыйнага досьведу і лёгікі, зусім хутка. Прычым залежыць гэта не ад Эўропы, ЗША, Расеі ці каго там заўгодна, а ад саміх беларусаў і вышэй згаданых фактараў.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Прэзыдэнцкія выбары ж будуць, так?
Алесь Квіткевіч
Лінгвіст паводле адукацыі. Дырэктар Прыватнага выдавецка-рэклямнага ўнітарнага прадпрыемства “БелТонМэдыя”, што займаецца выпускам аўдыёкнігаў і іншых мультымэдыйных выданьняў па-беларуску, а таксама распаўсюдам беларускамоўнае прадукцыі праз інтэрнэт-краму www.Prastora.by. Нарадзіўся 16 жніўня 1986 году ў Менску. Скончыў факультэт ангельскае мовы Менскага Дзяржаўнага Лінгвістычнага Ўнівэрсытэту са спэцыялізацыяю Беларуская мова і літаратура. Пераклаў на беларускую першую кнігу з “Хронікаў Нарніі” К. С. Льюіса. Стварыў творчае згуртаваньне “Дзіўноты й памароцтвы”, якое перакладае на беларускую фільмы замежнае вытворчасьці. У 2008 годзе быў узяты на працу ў фірму БелТонМэдыя на пасаду мэнэджэра па распаўсюдзе. У 2009 разам зь іншымі супрацоўнікамі кампаніі быў адным са стваральнікаў інтэрнэт-крамы www.Prastora.by. Зь 2010-га – дырэктар ПВРУП «БелТонМэдыя».