Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу «Эўраньюз» выступіў з адкрытай антырасейскай рыторыкай, абвінаваціў Крэмль у разьвязваньні газавай вайны і прызнаў, што Маскве «не падабаецца» асабіста беларускі кіраўнік.
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі назваў гэтае інтэрвію «значным піяраўскім посьпехам афіцыйнага Менску, і тут Аляксандар Лукашэнка абсалютна перайграў прадстаўніка „Газпрому“ Сяргея Купрыянава».
«Лукашэнку проста дастаткова было сказаць праўду, шчыра сказаць, што за гэтым стаяла. Маскоўскае выданьне „Коммерсант“, блізкае да „Газпрому“, у гэтыя дні адкрытым тэкстам пісала, што ідзе змушэньне да ўступленьня ў Мытны зьвяз. Лукашэнка сказаў, што за гэтым стаіць палітыка, жаданьне расейскіх алігархаў прыдбаць нейкія ласыя кавалкі беларускай уласнасьці. І нарэшце, асабістыя стасункі ў Лукашэнкі з расейскім кіраўніцтвам сапсаваныя. І што Крэмль даўно не задаволены гэтай пэрсонай на чале беларускай улады».
Ці пойдзе Лукашэнка на саступкі расейскаму боку?
«Ён будзе манэўраваць. Але зараз адразу здацца і на маскоўскіх умовах пайсьці ў Мытны зьвяз ён сабе ня можа дазволіць, каб ня страціць рэпутацыю. Але пляцоўка для торгу ёсьць, бо Масква тут мае свой інтарэс, свае стратэгічныя аб’екты, транзытныя козыры ўсё ж застаюцца ў руках Менску. Празь нейкі час у выніку торгу, закуліснага ў тым ліку, зь нейкімі агаворкамі, але Беларусь уступіць у Мытны зьвяз. Але калатнеча будзе працягвацца, як гэта было ў межах саюзнага будаўніцтва».