За пэрыяд вострай фазы газавага канфлікту паміж "Газпромам" і Беларусьсю рынкавы кошт расейскага манапаліста зьнізіўся больш чым на 4,5 млрд. даляраў, паведаміў "Інтэрфакс-Захад" аналітык дасьледчай групы "BusinessForecast" Аляксандр Муха.
Па дадзеных расейскай біржы, на канец гандлёвага дня 21 чэрвеня капіталізацыя ААТ "Газпром" складаў 125.15 млрд. даляраў, па стане на 10:52 мск (непасрэдна перад пагрозай поўнай прыпынку транзыту беларускім бокам) рынкавы кошт акцый манапаліста ўпала да 120,6 млрд. даляраў. Такім чынам , зьніжэньне капіталізацыі "Газпрому" з вечара ў панядзелак да раніцы ў чацьвер перавысіла 4,5 млрд. даляраў, канстатаваў экспэрт.
"Безумоўна, нельга сьцьвярджаць, што зьніжэньне рынкавага кошту акцый "Газпрому" абумоўлена толькі газавым канфліктам з Беларусьсю. Аднак, відавочна, што немалая частка ў гэтым паніжэньні прыпадае менавіта на канфліктную сытуацыю вакол паставак газу ў Беларусь і яго транзыт праз тэрыторыю рэспублікі", – лічыць А. Муха.
Ён не выключыў, што пасьля завяршэньня самай вострай фазы канфлікту, гэта значыць, пасьля пагашэньня Беларусьсю доўгу за пастаўкі і выплаты асноўнай часткі доўгу "Газпромам" за транзыт, "каціроўкі акцый" Газпрому "могуць некалькі падвысіцца".
Сытуацыю з каціроўкамі акцый “Газпрому” пракамэнтаваў для нас аглядальнік расейскай газэты “Коммерсант” Віталій Гайдаеў:
"За апошнія 3 дні акцыі "Газпрому" на таргах у Расеі ўпалі на больш чым 5%. Яны рушылі ў тым жа накірунку, што і рынак – рынак у цэлым таксама падаў, але яны апярэдзілі яго, індэкс РТС упаў на 3.7%, а акцыі "Газпрому" на больш чым 5%. Адной з прычын гэтага стаў канфлікт "Газпрому" з Беларусьсю, які адбіўся на каціроўках. Канфлікт справакаваў прадажы акцый, і ня столькі можа расейскіх, колькі заходніх інвэстараў, якія вельмі схільныя да нэгатыўных настрояў падчас міждзяржаўных канфліктаў. Гэтак жа і падчас нашых газавых канфліктаў з Украінай "Газпром" заўсёды адставаў ад рынка. Палітычны складнік заходнія інвэстары ніколі не вітаюць. Яны нават не вывучаюць сытуацыю і не раздумываюць над прычынамі, а імкнуцца прадаць паперы кампаній, зьвязаных з палітычнымі рызыкамі".