Кастрычніцкі суд Магілёва аднавіў разгляд адміністрацыйнай справы супраць грамадзкай актывісткі Крысьціны Шацікавай. Яе вінавацяць у вырабе, дастаўцы й распаўсюджваньні незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.
Суд адбываецца пад старшынствам новай судзьдзі Натальлі Крашкінай. Судзьдзя Раман Касьцюк, які пачынаў разгляд справы сышоў у адпачынак. На першым паседжаньні, 19 траўня, Касьцюк задаволіў хадайніцтва Шацікавай пра ўдзеле ў працэсе ў якасьці прадстаўніка яе інтарэсаў праваабаронцы Валерыя Шчукіна.
“Сёньня Крашкіна заявіла, што разгляд справы пачынаецца наноў і не дазволілі быць маім прадстаўніком Шчукіну. Шчукіна выправадзілі з залі паседжаньня. Я заявіла недавер суду, бо судзьдзя ня ведае матэрыялаў справы і паводзіць сябе неадэкватна. Яна адмаўляе мне ва ўсіх маіх хадайніцтвах. Цяпер пасьля 40 хвілінаў судовага паседжаньня абвешчаны перапынак”, паведаміла “Свабодзе” Крысьціна Шацікава.
4 траўня супрацоўнікі Кастрычніцкага аддзелу міліцыі затрымалі Шацікаву каля пад’езду яе дома. Спачатку міліцыянты яе вінавацілі ў тым, што яна абрабавала кватэру і што ў яе торбах знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Пасьля таго як у прысутнасьці панятых торбы перагледзелі і, акрамя газэтаў, нічога не знайшлі, яе на міліцэйскай машыне даставілі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там канфіскавалі каля 12 тысяч асобнікаў газэты "Наш дом". Так пазначана ў міліцэйскім пратаколе.
У матэрыялах справы адсутнічаюць тры аркушы тлумачэньняў, якія Крысьціна Шацікава, пісала да складзенага міліцыянтамі пратаколу. Судзьдзя Раман Касьцюк абавязваў міліцыянтаў іх знайсьці й прадаставіць суду. Паводле Шацікавай, і сёньня гэтых тлумачэньняў ў матэрыялах справы няма.