Украіна ня ставіць сваёй мэтай дамагчыся якіх-небудзь эканамічных перавагаў за кошт газавага канфлікту Расеі і Беларусі – ”нашых сяброў і суседзяў". Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Левачкін сёньня падчас сустрэчы з журналістамі.
Па яго словах, "на фоне гэтага канфлікту" Ўкраіна павінна забясьпечыць надзейнасьць паставак газу сваёй газатранспартнай сыстэмай.
Пры гэтым, Левачкін асабліва падкрэсьліў, што Ўкраіна не зьяўляецца канкурэнтам Беларусі ў пытаньнях паставак газу ў Эўропу: “Мы хутчэй канкуруем з новымі маршрутамі, у прыватнасьці з “Паўднёвым патокам”.
Акрамя таго, Левачкін адзначыў, што ў цяперашні час Украіна знаходзіцца ў пошуку "ідэальнай мадэлі выкарыстаньня ўласнай ГТС, а менавіта яе загрузкі максымальна магчымымі транзытнымі аб'ёмамі".
”Украіна бачыць найбольш эфэктыўным рашэньнем стварэньне кансорцыюму, у якім будуць прысутнічаць вытворцы, спажыўцы і транзытэры. Гэта такая дырэктыва, якую мае Мінпалэнэрга і “Нафтагаз” для перамоваў з расейскімі партнэрамі. Я думаю, што мы паступова набліжаемся адзін да аднаго і знойдзем паразуменьне ", - сказаў кіраўнік адміністрацыі.
Па яго словах, па гэтым пытаньні сёньня ў Брусэль вылятае міністар паліва і энэргетыкі Юры Бойка.
Пры гэтым Левачкін зьвярнуў увагу на тое, што летам зьмяншаецца ціск у газаправодах. "Зараз Эўропа вельмі спакойна не заўважыць памяншэньне аб'ёму. І гэта разумеюць і бакі канфлікту. Таму ў гэтым сэнсе цяпер значна больш гэтае пытаньне палітычнае чым эканамічнае », - сказаў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта.
Па словах Левачкіна, аўтаматычнае замяшчэньне беларускіх магутнасьцяў украінскімі не вырашае праблемаў усіх эўрапейскіх спажыўцоў, для гэтага патрэбныя "складаныя тэхнічныя рашэньні. Між тым міністар паліва і энэргетыкі Юры Бойка заявіў аб тэхнічнай магчымасьці Ўкраіны пры неабходнасьці павялічыць транзыт газу ў Эўропу на 30 млрд кубамэтраў.