Марлена Гольцнэр, прэсавы прадстаўнік камісара Эўразьвязу ў энэргетычных пытаньнях Гюнтэра Этынгера, сказала сёньня на брыфінгу ў Брусэлі, што Этынгер учора званіў міністру энэргетыкі Расеі Сяргею Шматко і віцэ-прэм’еру Беларусі Уладзімеру Сямашку ў справе беларуска-расейскай газавай спрэчкі.
"Эўропа не павінна стацца закладнікам у гэтай спрэчцы" — так гучала галоўнае пасланьне эўракамісара Этынгера Маскве і Менску паводле Гольцнэр.
Гольцнэр таксама сказала, што Этынгер пытаўся ў Сямашкі аб перакрыцьці транзыту расейскага газу празь Беларусь, аб чым учора паведамлялі СМІ. "Эўракамісар не атрымаў яснага адказу. Сямашка ні не запярэчыў, ні не пацьвердзіў, што так сталася" — паведаміла Гольцнэр.
Тым часам GAZ-SYSTEM, апэратар польскіх газавых трубаправодаў, паведаміў сёньня, што пастаўкі газу на польска-беларускай мяжы адбываюцца безь ніякіх перашкодаў, згодна з кантрактамі.