Брусэль ужо думае, што яму думаць

Эўракамісія экстрана зьбірае сёньня ў Брусэлі першую тэхнічную сустрэчу зь беларускімі прадстаўнікамі ў зьвязку з магчымым абмежаваньнем транзыту расейскага газу эўрапейскім спажыўцам.
Пра гэта заявіла прадстаўніца Эўракамісіі Марлена Гольцнэр.

Яна сказала, што ўлады Беларусі паведамілі Эўракамісіі пра ўзьнікненьне праблемаў у аўторак праз "Мэханізм раньняга апавяшчэньня".

Паводле Гольцнэр, газавая спрэчка можа закрануць 6,25% аб'ёму спажываньня газу ў ЭЗ.

"Мы чакаем, што газавыя пастаўкі ў ЭЗ не пацярпяць, і чакаем, што кантрактныя абавязаньні будуць выкананыя", — сказала прадстаўніца Эўракамісіі.

Сёньня ўрад Беларусі заявіў, што краіна будзе адбіраць расейскі газ у выпадку, калі "Газпром" абмяжуе пастаўкі. Кіраўнік Беларусі, сустракаючыся зь міністрам замежных спраў Расеі С.Лаўровым, сказаў, што загадаў перакрыць транзыт газу празь Беларусь, пакуль "Газпром" не пагасіць доўг за транзыт.

Прэм'ер-міністар Украіны Мікалай Азараў заявіў журналістам, што Ўкраіна гатовая забясьпечыць дадатковы транзыт расейскага газу ў Заходнюю Эўропу праз сваю тэрыторыю ў аб'ёме 15-20 мільярдаў кубамэтраў.