Ці паўплывае газавы канфлікт на прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі?

Паводле "Газпрому", доўг "Белтрансгазау" можа вырасьці да канца году да 500-600 мільёнаў даляраў з разьлікаў па цане, ніжэй за кантрактную. Сытуацыя пасьля 1 ліпеня стане яшчэ больш вострай, прадказваюць экспэрты. У выпадку эскаляцыі канфлікту дэ-факта спыніць працу Мытны саюз Беларусі і Расеі, і беларускія тавары будуць пастаўляцца ў Расею на тых жа ўмовах, што літоўскія ці амэрыканскія. Абвастрэньне сытуацыі супадзе з кампаніяй па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якія павінны адбыцца да 7 лютага 2011 г.
Пра тое, ці паўплывае газавы канфлікт паміж Масквой і Менскам на прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі, расейскі журналіст Уладзімер Кара-Мурза гутарыць з загадчыцай аддзелу палітыкі блізкага замежжа "Незалежнай газэты" Сьвятланай Гамовой і лідэрам грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Андрэем Саньнікавым.

Уладзімер Кара-Мурза: Ці ўгледжваеце вы палітычны кантэкст у патрабаваньні Расеі да Менску ў пяцідзённы тэрмін вызначыцца па аплаце запазычанасьці за газ?

Святлана Гамава: Ёсьць такое. Я думаю, што ёсьць палітычны кантэкст. Хутчэй за ўсё, ёсьць да гэтага крыўда на Беларусь, якая ставіць Расею ў няёмкае становішча ў сувязі з тым, што з 1 ліпеня мог бы запусьціцца Мытны саюз, які мог бы стаць адзіным рэальна эфэктыўным праектам у СНД, што запусьціла Расея за апошнія 20 гадоў. Шмат што стваралася, нічога ня выйшла. І тут Беларусь выкарыстоўвае гэты момант, спрабуючы выгандляваць нешта сабе перад выбарамі і наогул. Я думаю, што так: гэта спроба Расеі націснуць на Беларусь перад 1 ліпеня.

Уладзімер Кара-Мурза: Ці нагадвае вам тое, што адбываецца, нейкі перадвыбарчы гандаль?

Андрэй Саньнікаў: Я ня ведаю, адносіць гэта да галіны палітыкі ці чалавечых адносін. Калі гэта палітыка, то гэта несур'ёзна. Таму што Лукашэнка даўно ўжо гуляе на полі Расеі і даўно ўжо падманвае Расею. Калі гэта чалавечы фактар, то так, напэўна, з пункту гледжаньня Расеі незразумелыя паводзіны Лукашэнкі. Таму я б сказаў так: Лукашэнка сёньня абсалютна не прадстаўляе Беларусь, Лукашэнка абсалютна не прадстаўляе беларускую дзяржаву і беларускі народ. І тое, што адбываецца сёньня, ні да якіх вынікаў не прывядзе. І Мытны саюз, які спрабуе сфарміраваць Расія, ня ўзьнікне і ня будзе запушчаны менавіта таму, што няма нейкіх раўназначных партнэраў. Калі людзі неяк дамаўляюцца, напэўна, яны павінны трымаць слова. Я не ацэньваю зараз Мытны саюз, таму што мне незразумела, як гэта суадносіцца з СГА, з заяўкай на ўступленьне ў СГА і гэтак далей. Але папросту, калі партнэры спрабуюць пад сталом вырашаць больш, чым за сталом, ні да чаго гэта не прыводзіць.

Цалкам гутарку можна прачытаць ТУТ.