Пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары праходзяць 20 чэрвеня ў Польшчы. Яны былі прызначаныя пасьля гібелі Леха Качыньскага у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка.
Выбарчыя ўчасткі, якіх налічваецца каля 26 тысячаў, працуюць з 6 да 20 гадзіны па мясцовым часе. Права голасу мае прыкладна 31 млн. палякаў. На замежных выбарчых участках зарэгістравана 185 тыс. выбарнікаў. У Беларусі выбарчыя ўчасткі адкрыты з 6 да 20 гадзіны ў Менску (амбасада), Горадні і Берасьці (генэральныя консульства).
На пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндуюць 10 чалавек. Асноўная барацьба, як чакаецца, разгорнецца паміж 58-гадовым спікерам Сэйма, в.а. прэзыдэнта Браніславам Камароўскім (партыя "Грамадзянская плятформа") і 61-гадовым братам загінулага прэзыдэнта, лідэрам партыі "Права і справядлівасьць" Яраславам Качыньскім. Першы лічыцца прыхільнікам далейшай эўраінтэграцыі, другі - эўраскептыкам.
Калі ніводны з кандыдатаў не набярэ больш за 50% галасоў, 4 ліпеня адбудзецца другі тур.
Аляксандар Лукашэнка ў ходзе паездкі па Магілёўскай вобласьці 18 чэрвеня заявіў, што для Менску ня мае значэньня, хто стане прэзыдэнтам Польшчы. "Нам усё роўна, хто там будзе прэзыдэнтам. Мяркую, усе кандыдаты - людзі няглупые. І яны, як і я, разумеюць, што суседзі - ад Бога. І хто б там ні стаў прэзыдэнтам, яны вымушаныя будуць наладжваць з Беларусьсю нармальныя адносіны" , - сказаў Лукашэнка.
На яго думку, польскія палітыкі ўсьведамляюць, што Беларусь для іх - вельмі важны рэгіён і ў пляне двухбаковых гандлёва-эканамічных адносінаў, і ў пляне стасункаў з Расеяй.
"Яны будуць разумець, што з беларусамі ня трэба біцца. З беларусамі трэба сябраваць і ад гэтага атрымліваць адпаведныя выгады", - заявіў Лукашэнка.