"Лепш заплаціць, а то Расея чаго зробіць"

Апытаньне "Свабоды": "Як павінна адказаць Беларусь на газавы ультыматум Расеі – пагасіць даўгі на працягу пяці дзён ці працягваць плаціць за газ па-старому?". Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар: "Раз карыстаемся газам, то трэба плаціць, толькі я ня ведаю – чаму мы ня плацім. Падаткі з нас рэгулярна бяруць, як належыць. Яны здольныя трубу перакрыць, альбо нафты не дадуць. Во тады ў вярхах пачнуць разьбірацца – хто вінаваты, хто не вінаваты. У каго нафта й газ, той дыктуе ўмовы. Гэта ж зразумела".

Спадар: "Канечне лепш адразу выплаціць, мо тады можа жыць лепей будзем. Расея, што-небудзь ды й можа зрабіць. Нафту спыніць экспартаваць, адключаць нас і ўсё".

Спадар: "Як плацілі, так і плаціць, бо такую суму ўнесьці адразу для Беларусі натужліва будзе. У нас жа таксама крызіс. Мы ж брацкія народы. Я мяркую, што на саступкі яны павінны й нам пайсьці".

Спадар: "Ён як прэзыдэнт сваёй краіны інтарэсы сваіх кампаніяў бароніць, а мы ўльтыматум. Нядаўна Лукашэнка сказаў, што нам старая стралковая зброя ўжо не патрэбная. Патрэбная новая. Значыць ёсьць грошы, каб мадэрнізаваць. Дык на гэта ёсьць грошы, а Расеі за газ аддаць няма. Гэта як зразумець?".

Спадар: "Трэба выплаціць у любым выпадку, бо бяз газа застацца таксама кепска. Ці слушна? А грошы знойдуцца заўжды. Цяпер такі час, што і ад Расеі можна ўсяго чакаць. І ад нас таксама. Няясны час, таму плаціць ўсё роўна давядзецца. У любым выпадку".

Спадар: "Шчыра кажучы я нават і ня ведаю. З той інфармацыі, якая ёсьць у мяне, я не магу зрабіць адназначную выснову. Ці былі нейкія дамоўленасьці й мы іх парушаем, альбо дапусьцім мае рацыю Мядзьведзеў, ці праўда за Лукашэнкам?".

Спадар: "Будзем плаціць, каб не было нейкіх эксцэсаў. Спачатку заплацім, а потым вырашаць, што далей будзем рабіць. У прынцыпе мы ж імі нармальна сябруем. Адносіны ў нас з імі нармальныя. Мне здаецца нічога сур’ёзнага ня будзе".

Спадар: "Чаму ўльтыматум адразу, калі нічога ніхто канкрэтна ня ведае. Ультыматум гэта, альбо канкрэтны плацеж. Калі гэта рэальна запазычанасьць, то нам трэба плаціць".

Спадар: "Гэта ня нам вырашаць – гэта прэрагатыва прадаўца выстаўляць цану сваю. Разьбірацца павінны эканамісты, а не прэзыдэнты. Спраўджваць дамовы. Калі дамова была заключаная, напрыклад, на адну суму, то значыць так і павінна выплачвацца. Калі ж іншая сума выстаўляецца, то павінна быць дадатковая дамова".