Сярод «экранных» беларускіх кніжак вылучаюцца дзьве. І яны ня проста прызначаныя для экранізацыі, але прагнуць экранізацыі шматразовай — з рознымі дэкарацыямі, рознымі акторамі — і нават у розных краінах. Дарэчы, яны ўжо аднойчы былі экранізаваныя. Але ім гэтага яўна замала. Бо такая іхняя прырода. Гэта прырода сэрыйнае «Папялушкі» і хваравітага «Дракулы», «Фаўста» і — «Чалавека-павука», «Гамлета» і «Рабыні Ізаўры» (была такая). Пяць беларускіх кнігаў, якія просяцца на экран, выбраў кінакрытык Андрэй Расінскі.
Першая кніга — «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага. ( Менск, Мастацкая літаратура, 2005)
Віктар Тураў ужо ставіў «Завальню» ў 1994 годзе, але ня вельмі ўдала.
Кніга Баршчэўскага — гэта казачная фантастыка, якая можа быць рэалізаваная, як вялікая пастаноўка з адмысловымі эфэктамі; як тэлевізійнае шоў ці тэлетэатр (існуе, дарэчы, дасьціпны тэлесцэнар Ягора Конева). «Шляхціц» просіцца ў тэлевізійны сэрыял — і кампутарныя гульні.
Другі знакавы твор — «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча. (Збор твораў у васьмі тамах. Менск, «Мастацкая літаратура», 1987 — 1991)
Кніга ідэальна ўлучаная ў гатычную кінатрадыцыю Галівуда й брытанскай студыі «Хамэр». Калі Валер Рубінчык паставіў «Дзікае паляваньне» ў 1979 годзе, то амэрыканцы прызналі фільм сваім: яны параўноўвалі яго з клясычнымі стужкамі Роджэра Кормэна.
Гэтыя два творы — Баршчэўскага й Караткевіча — самі здольныя спараджаць сэрыі: паўторныя экранізацыі, варыяцыі дый пародыі.
Дарэчы, Караткевіч вельмі кінэматаграфічны аўтар. Разам з «Дзікім паляваньнем караля Стаха» пад адну вокладку часам уключаюць і іншы твор Караткевіча — «Каласы пад сярпом тваім». Ён не такі «міжнародны», як «Дзікае паляваньне», якое можна здымаць і ў Гішпаніі, і ў Брытаніі. «Каласы пад сярпом тваім» можна экранізаваць толькі ў Беларусі і, магчыма, у Польшчы.
Але «Каласы», калі заўгодна, такія ж сэрыйныя, дакладней — сэрыяльныя. Гэта грунтоўны эпічны твор са шматлікімі сюжэтнымі атожылкамі. «Каласам» будзе пасаваць фармат тэлеэкрану — як ён пасаваў экранізацыі «Ідыёта» з Яўгенам Міронавым. Але гэты эпас — утульна будзе сябе адчуваць і ў кінатэатры.
Сцэнарыст «Акупацыі» і «Масакры» Аляксандр Качан цяпер — па замове Міністэрства культуры — працуе над «Каласамі», каб адаптаваць іх і да кінаэкрана і да шматсэрыйнай тэлевізійнай вэрсіі.
Яшчэ адна кніга з гістарычнаю атмасфэраю — «Дзьве душы» Максіма Гарэцкага («Выбраныя творы. Менск, «Кнігазбор», 2009). Гэта этапны беларускі твор — і ня толькі для літаратуры. Мысьляр Ігнат Канчэўскі склаў падставовы артыкул «Адвечным шляхам» — пра цывілізацыйныя ваганьні беларусаў, узяўшы псэўданімам прозьвішча галоўнага героя «Дзьвюх душаў» — Абдзіраловіч.
Так што ў кнізе — ключавая беларуская тэма падвоенасьці й ваганьняў. І кніга для экранізацыі няпростая.
Але на карысьць ейнай відовішчнасьці — гістарычная атмасфэра, на тле якой герой разьбіраецца са сваім выбарам. У кнізе прысутнічаюць і абсалютна авантурныя павароты сюжэту, якія Гарэцкі наўмысна не акцэнтаваў.
Дзеля экрану мэлядраматычныя падмены кнігі можна й абвастрыць. Увогуле, чалавек — на тле непрыхільнага часу — удзячны вобраз для кінаўвасабленьня. Ён можа быць сьветлым дый энэргічным — як Скарлет О’Хара, сыграная Вівьен Лі ў «Зьнесеных паветрам», так і мэдытатыўна-трагічным — як «Апошні імпэратар» Бэрнарда Бэрталючы. Герой «Дзьвюх душаў» — фальшывы імпэратар без каралеўства, вязень нязьдзейсьненай Беларусі, якая яшчэ толькі мусіць зьявіцца.
Наступнага аўтара ставілі ў Беларусі — і нават за ейнымі межамі — шмат. Гутарка — пра Васіля Быкава (Поўны збор твораў. Менск-Масква, 2005-2010).
Сярод апошніх праектаў — задума Канскага намінанта Сяргея Лазьніцы паставіць змрочную аповесьць Васіля Быкава «У тумане». Калі задума зьдзейсьніца, то гэта будзе міжнародны праект, дзе дэкарацыі вайны — толькі нагода для лютай экзістэнцыйнай катастрофы.
Але ёсьць кніга Быкава, дзе гэтыя катастрофы адбываюцца без усялякіх часавых і побытавых дэкарацый. Кнігу гэтую ведаюць, але ня так «ахвотна», як быкаўскія ваенныя творы.
«Пахаджане» Васіля Быкава — зборнік шыкоўнай аўтарскай анімацыі.
Мышка-аптымістка і ненажэрная котка; нямыя — з чароўнымі трыма словамі, самі пахаджане, якія бадзяюцца з багны ў багну — гэта выдатныя героі мультыплікацыі. Яны змрочныя, дакорлівыя, пацешныя, яны — занадта жывыя… і занадта мёртвыя. Яны захрасьлі паміж сусьветамі.
Такіх дахадзяжных герояў — толькі ў анімацыю. А анімацыя прыпавесьці ўпадабае. І падзяка за гэтае ўпадабаньне — вялікая.
І, нарэшце, я прапаную яшчэ адну кнігу — гэтым разам для дакумэнтальнага кіно. Дакладней, для цэлага стосу дакумэнтальных і асьветніцкіх карцінаў.
«Як жылі нашы продкі ў XVIII стагодзьдзі» Адама Мальдзіса (Менск, «Лімарыус», 2001).
Кніга — навукова-папулярнае выданьне з процьмай найцікавейшых гістарычных сюжэтаў. Энэргічныя і гаваркія героі, неверагодныя абставіны, смак эпохі, анэкдоты й трагедыі, забытыя прадметы, дзівосы побыту.
Тут ёсьць усё — для дакумэнтальных і асьветніцкіх стужак.
«Як жылі нашы продкі ў XVIII стагодзьдзі» можна параўнаць хіба толькі з «Жыцьцём дванаццаці цэзараў» Сьвятонія.
Але, па-мойму, кніга Мальдзіса цікавей.