Пра ўчорашні выступ Кэтрын Эштан у Эўрапарлямэнце – з Брусэлю карэспандэнт Свабоды Віктар Анучка.
Высокі прадстаўнік ЭЗ ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Кэтрын Эштан, выступаючы перад эўрадэпутатамі са своеасаблівай справаздачай-заявай аб саміце Эўразьвяз-Расея, які адбыўся ў Растове-на-Доне, у прыватнасьці казала пра пэрспэктывы ўступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
Паводле яе, ЭЗ вітае адпаведныя высілкі Расеі, паколькі яны палепшаць інвэстыцыйны клімат у краіне. Пры гэтым Эштан заўважыла, што мытны саюз Расеі зь Беларусьсю і Казахстанам нібыта стварае праблемы Эўразьвязу, які таксама мае мытны саюз, але збудаваны паводле іншых прынцыпаў. Пра падрабязнасьці яна не казала, абмежаваўшыся гэтым выказваньнем.
Я зьвярнуўся па камэнтар да бэльгійскага палітоляга, адмыслоўца па краінах СНД Ніны Башкатоў, якая сказала, што Кэтрын Эштан сваёй заявай прадэманстравала свой пакуль невялікі досьвед у сфэры зьнешняй палітыкі. Апроч таго, паводле Башкатоў, намесьніца старшыні Эўракамісіі і кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства выступала перад эўрапарлямэнтарамі, а правілы гульні патрабуюць, каб у яе прамове былі адзначаныя нейкія праблемы.