Расея дае Беларусі пяць дзён для аплаты запазычанасьці за пастаўлены сёлета газ. У адваротным выпадку расейскі бок не выключае скарачэньня паставак блакітнага паліва ў Беларусь прапарцыйна запазычанасьці.
Такія заявы прагучалі падчас сустрэчы расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева з "Газпрому" Аляксеем Мілерам, дзе абмяркоўвалася сытуацыя з экспартам газу ў Беларусь.
Расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў нагадаў, што пытаньне пра ліквідацыю газавай запазычанасьці ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве:
«Я размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам, ён мне сказаў, што гэта вызначаецца цяжкім фінансавым становішчам. Аднак, сказаць шчыра, цяпер усім цяжка: і ў нас свае праблемы, і ў „Газпрому“ шмат праблем. Таму, на жаль, гэта недастатковае тлумачэньне».
Доўг Беларусі ў гэтым годзе склаў каля 200 мільёнаў даляраў. Расейскі бок заяўляе, што афіцыйны Менск у аднабаковым парадку працягвае плаціць за пастаўлены газ па цэнах 2009 году. У Беларусь былі накіраваны два афіцыйныя лісты. Аднак дагэтуль няма яснага адказу, калі гэты доўг будзе пагашаны. Падчас сёньняшняй сустрэчы зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер сказаў, што адпаведна з умовамі кантракту ў расейскага боку «ёсьць усе падставы скараціць аб’ём пастаўкі газу ў Беларусь прапарцыйна запазычанасьці перад «Газпромам».
На гэта прэзыдэнт Расеі заявіў:
«Давайце тады так зробім: з улікам таго, што мы гэтае пытаньне абмяркоўвалі ў партнэрскім рэчышчы. Дамо пяцідзённы тэрмін для нашых калегаў для таго, каб яны вызначыліся, як весьці сябе далей. Прапануйце ім у самыя кароткія тэрміны пагасіць запазычанасьць. А калі гэта ня будзе зроблена, тады давядзецца прымяняць іншыя меры».
Чаму Масква фактычна перайшла на мову ўльтыматумаў? Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, гэта сьведчыць пра тое, што падчас візыту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка ні пра што не дамовіўся. А канфлікт можа прывесьці нават да аднаўленьня мытнай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй:
«Лукашэнка, мабыць, не да канца зразумеў, што Расея ўжо не зьбіраецца нічога мяняць, што яна зрабіла для сябе такі элегантны спосаб выйсьця з мытнага зьвязу і саюзнай дзяржавы зь Беларусьсю, што яна паставіла крыж на гэтых інтэграцыйных аб’яднаньнях, выкарыстоўваючы для гэтага Казахстан».
Паводле спадара Раманчука, цяпер любыя дзеяньні Лукашэнкі адносна Мытнага саюзу ставяць яго ў дрэнную сытуацыю:
«Падпіша, гэта значыць здасца. Не падпіша, то ён значна павялічвае рызыкі для эканомікі. Ён сам загнаў сябе ў тупік. Ён думаў блефаваць і на захад, і на ўсход, а атрымалася, што ўсе дзьверы для беларускага лідэра зачыненыя».
200 мільёнаў даляраў — гэта не такая ўжо і вялікая сума. Ці варта з-за яе даводзіць справу да канфлікту?
Эканаміст Леанід Злотнікаў: «Сытуацыя тая ж самая, што і ў Грэцыі. Калі няма сродкаў, дык зацягвай паясы. Беларусь цяпер спажывае на 13% больш, чым стварае валавога ўнутранага прадукту. Мы не па сродках жывём. Трэба ж ужо спыніцца. Жывём за кошт расейскіх датацый».
Паводле спадара Злотнікава, цяпер пайшлі прынцыповыя стасункі, якія ўсталёўваюцца з канца 2006 году:
«Расея ўпарта цягам трох гадоў адстойвае гэту сваю стратэгію. Яны разумеюць, калі яны будуць дапамагаць цэлай краіне жыць не па сродках і гэта ня будзе спрыяць разьвіцьцю ні рынкавай эканомікі, ні дэмакратычных стасункаў, калі такая краіна будзе побач, то самой Расеі будзе дрэнна і гэта ня будзе спрыяць разьвіцьцю рынкавых стасункаў і ў самой Расеі. І таму дзеля сваёй будучыні яны ўпарта трымаюцца гэтай стратэгіі».