Начальнік аддзелу Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Аляксандар Горбач растлумачыў сутнасьць указу № 60 аб разьвіцьці нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт, які набывае моц 1 ліпеня.
Абмежаваньне доступу да асобных інтэрнэт-рэсурсаў для фізычных асобаў будзе ажыцьцяўляцца выключна на добраахвотнай аснове. Пра гэта заявіў 8 чэрвеня падчас арганізаванай БелТА онлайн-канфэрэнцыі начальнік аддзелу Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце (ААЦ) Аляксандар Горбач. Мерапрыемства было прысьвечана рэалізацыі ўказу прэзыдэнта № 60 аб разьвіцьці нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт, які набывае моц 1 ліпеня.
"Паспрабую даць адзін адказ на блёк пытаньняў, які тычыцца праблемы абмежаваньня доступу, і выразна выказаць нашу пазыцыю. Па-першае, ва ўказе дакладна прапісана, што абмежаваньне доступу для фізычных асоб будзе ажыцьцяўляцца выключна на добраахвотнай аснове. Гэта значыць, калі бацька жадае абмежаваць для свайго непаўналетняга дзіцяці доступ на парнасайты і г.д., то ён заказвае гэтую паслугу ў пастаўшчыка інтэрнэт-паслугаў, які яму іх аказвае. Што да абавязковага абмежаваньня доступу, то ва ўказе таксама прапісана, для каго яно прадугледжана ў абавязковым парадку. Гэта дзяржаўныя органы і арганізацыі, а таксама арганізацыі адукацыі, культуры і шэраг іншых. Для астатніх юрасобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў абмежаваньне доступу толькі на добраахвотных умовах", — растлумачыў прадстаўнік ААЦ.
Паводле меркаваньня Аляксандра Горбача, сутнасьць тэрміну "пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў" досыць ясна і выразна выкладзена ва ўказе № 60. "Я паўтару, што пад пастаўшчыком інтэрнэт-паслуг маюцца на ўвазе юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, які аказвае паслугі па забесьпячэньні доступу юрыдычных і фізычных асоб да сеткі інтэрнэт і ажыцьцяўляе разьмяшчэньне ў дадзенай сетцы інфармацыі, яе перадачу, захоўваньне, ідэнтыфікацыю. Іншымі словамі, да іх першым чынам адносяцца інтэрнэт-правайдэры, хостынг-правайдэры, а таксама іншыя фізычныя і юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі", — сказаў прадстаўнік ААЦ.
На пытаньне аб тым, ці зьяўляецца пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў уладальнік кавярні ці рэстарана, у якім можна скарыстацца паслугай Wi-Fi, прадстаўнік ААЦ адказаў адмоўна. Паводле яго слоў, кавярні і рэстараны "ў прынцыпе не зьяўляюцца пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслугаў". "Тым ня менш тут могуць быць два варыянты. Або кавярня ці рэстаран як юрыдычная асоба атрымлівае адпаведную ліцэнзію Мінсувязі на аказаньне паслуг электрасувязі і ў гэтым выпадку ад свайго імя яны могуць аказваць гэтую паслугу і будуць звычайнымі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслугаў; або той пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў, які разьмяшчае тую ж кропку Wi-Fi доступу на тэрыторыі кафэ ці рэстарана, выконвае тыя патрабаваньні, якія выкладзены ва ўказе № 60", — сказаў Горбач.