Што можна прэзыдэнту Польшчы?

Да дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы застаюцца менш чым два тыдні, але выбарчая кампанія праходзіць даволі бясколерна. Журналістам няма каго і чаго цытаваць, бо прэзыдэнцкія кандыдаты ня кажуць нічога цікавага.

Выглядае, што два найважнейшыя прэзыдэнцкія кандыдаты — Браніслаў Камароўскі і Яраслаў Качынскі — пастанавілі, што прынамсі перад першым турам 20 чэрвеня будуць асьцерагацца, каб ня ляпнуць чаго лішняга і не папсаваць сваіх шанцаў у другім туры.

Апошняе з апытаньняў, якія штотыдзень заказвае тэлеканал TVN24, выявіла папулярнасьць Камароўскага на ўзроўні 43%, а Качынскага — на ўзроўні 32%. Калі браць пад увагу апытаньні за апошні месяц, дык Качынскі крыху наблізіў свой рэйтынг да рэйтынгу Камароўскага, але не настолькі, каб адабраць у таго пазыцыю выразнага лідэра прэзыдэнцкай гонкі.

На тле даволі нуднага паядынку Камароўскага з Качынскім найбольш яркай падзеяй выбарчай кампаніі зьяўляецца рост рэйтынгу Гжэгажа Напяральскага, маладога лідэра (36 гадоў) Саюзу левых дэмакратаў. Кандыдатам ад СЛД у прэзыдэнцкіх выбарах пачаткова меўся быць партыйны вэтэран Ежы Шмайдзінскі, але ён загінуў у катастрофе прэзыдэнцкага самалёта 10 красавіка пад Смаленскам. Сёньня 7% палякаў дэкляруе гатовасьць галасаваць на Напяральскага.

Польская палітычная сыстэма залічваецца палітолягамі да гэтак званых парлямэнцка-кабінэтных сыстэмаў, а гэта значыць, што асноўную ролю ў фармаваньні як унутранай, так і зьнешняй палітыкі дзяржавы адыгрываюць парлямэнт і ўрад.

У прынятай у 1997 годзе канстытуцыі Польшчы прэзыдэнту, якога гэты дакумэнт называе "найвышэйшым прадстаўніком Польскай Рэчы Паспалітай і гарантам бесьперапыннасьці дзяржаўнай улады", надаюцца даволі сьціплыя паўнамоцтвы, калі параўнаць іх, прыкладам, з паўнамоцтвамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Самым значным паўнамоцтвам польскага прэзыдэнта з гледзішча ўплыву на дзяржаўную палітыку зьяўляецца права вэта на прынятыя парлямэнтам законы — дзеля пераадоленьня прэзыдэнцкага вэта патрэбная большасьць трох пятых дэпутатаў ніжняй палаты парлямэнту, то бок, Сэйму.

Іншыя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы маюць або рэпрэзэнтацыйна-фармальны характар (прызначэньне даты парлямэнцкіх выбараў, скліканьне першага паседжаньня новаабранага парлямэнту, падпісваньне законаў, надаваньне грамадзянства, памілаваньне асуджаных, etc.), або вымагаюць дзеля свайго ажыцьцяўленьня згоды прэм’ер-міністра і/або парлямэнту.

Фармальна, напрыклад, менавіта прэзыдэнт Польшчы падае парлямэнту на зацьвярджэньне кандыдатуру новага прэм’ер-міністра і ўручае ўсе кабінэтныя прызначэньні, але насамрэч аб фармаваньні новага ўраду вырашае расклад палітычных сілаў у парлямэнце пасьля выбараў і дэмакратычныя працэдуры, прапісаныя ў канстытуцыі і законах. Гэта адно з больш істотных адрозьненьняў паміж палітычнай сыстэмай Польшчы і Беларусі.

Іншыя істотныя адрозьненьні палягаюць у тым, што прэзыдэнту Польшчы нельга выдаваць дэкрэты з моцай закону, адмяняць урадавыя акты або прызначаць кіраўнікоў рэгіёнаў (ваяводзтваў). Гэтае апошняе паўнамоцтва належыць у Польшчы прэм’ер-міністру.

Маючы гэта на ўвазе, можна зразумець прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, які ў пачатку гэтага году заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах ад Грамадзянскай плятформы, паколькі яму хапае ўлады і на пасадзе кіраўніка ўраду.

Але пасада прэзыдэнта Польшчы ўсё ж настолькі прэстыжная і палітычна значная (прыкладам, значнейшая, чым прэзыдэнцкія пасады ў Чэхіі або Нямеччыне), каб выклікаць даволі вялікія палітычныя эмоцыі ў краіне ў часе прэзыдэнцкіх выбараў.

Адно што ў гэтым годзе, як здаецца, эмоцыі палякаў ангажаваліся вельмі моцна ў трагічную пагібель прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам, а пазьней у вялікую паводку (якая ўсё яшчэ ня скончылася), так што на палітычную кампанію гэтых эмоцыяў засталося ўжо няшмат.