Анкета Свабоды: Юрась Малаш

Юрась Малаш

Юрась Малаш — мастацтвазнаўца, паэт, мастак. Працуе ў Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку. Дасьледуе творчасьць Язэпа Драздовіча і прадстаўнікоў інсітнага мастацтва. Аўтар кнігі «Патаемнае наіўных мастакоў Беларусі» (2007).





Што для вас свабода?


Жыць, тварыць і працаваць там, дзе пажадаю. Выказваць адкрыта свае думкі, погляды па ўсіх пытаньнях жыцьця грамадзтва.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Цэнзура, якая моцна сядзіць ва ўсіх дзяржаўных сродках інфармацыі.


Што для вас шчасьце?

Свабодна жыць і тварыць дзеля роднай Беларусі.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Застацца бяз самага блізкага чалавека.


Які талент вы хацелі б мець?

Бачыць сутнасьць чалавека, як кажуць, наскрозь.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Дасьледчыкам беларускай культуры Арсенам Лісам.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Маляваць, фатаграфаваць, вандраваць, запісваць свае ўражаньні.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Сваё стаўленьне да вывучэньня беларускай мовы і нацыянальнай культуры ў студэнцкія гады.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Пішы і малюй!


Які ваш улюбёны дэвіз?

Ні дня без радка!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У сыстэме, якая не прыгнятае свабоду слова і друку.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У цяперашнюю.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Пачаў бы праводзіць той курс на беларусізацыю, які праводзіўся ў Беларусі напачатку 1920-х гадоў і які быў прыпынены палітычным тэрорам, што пачаўся з 1928 году.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Раўназначныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Якія б не супярэчылі эканамічным, палітычным і ваеным інтарэсам Беларусі. Беларусь не павінна паддавацца на правакацыі і не прадаваць свае прадпрыемствы Расеі.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура — гэта пятля на шыі вольнага чалавека.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі беларус будзе ведаць сваю гісторыю і культуру, каб мець свой гонар, без якога немагчыма самастойна рухацца наперад.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Магчыма, калі прымуць Закон аб роднай мове. Магчыма, калі стане жыць зусім цяжка.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Я перакананы — загавораць. І Беларусь пачне рухацца наперад больш хуткімі тэмпамі, чым Кітай ці Сынгапур. Яшчэ ў 1930 годзе беларускі небазнаўца Язэп Драздовіч астральна вандраваў па ўсіх плянэтах Сонечнай сыстэмы ды пакінуў нам свае запісы, сваю касмалягічную тэорыю разьвіцьця плянэтаў. Ён зазірнуў на стагодзьдзі наперад, але і сёньня беларусы не сьпяшаюцца асэнсаваць яго працы. У Беларусі — я упэўнены — незвычайная будучыня!