Гісторыя літаратуры сьведчыць, што ня толькі моцна ўпэўненыя ў сваім таленце пісьменьнікі і ня толькі тыя, ў каго ён наогул ёсьць, могуць дазволіць сабе пагуляцца з ўласным імем у назьве кнігі. Але пяць беларускіх імянных твораў, якія выбрала ў сваім прыватным рэйтынгу наша сёньняшняя экспэртка Аксана Спрынчан, даводзяць чытачу, што іх аўтары ня схібілі ні ў назвах, ні ў зьмесьце.
1.Анатоль Сыс, Сыс. Менск, «Мастацкая літаратура», 2002.
Вымавіш Сыс — і ніхто не здагадаецца адразу, прозьвішча меў ты на ўвазе ці назву кнігі. Хіба што напішаш у двукосьсі «Сыс». І тады маланкаю мільгане назва кнігі, паліндромная, як і год ейнага выданьня — 2002. Само слова «паліндром» складаецца з грэцкіх слоў «назад» і «шлях». Сыс без двукосься і Сыс у двукосьсі — гэта адначасова шлях наперад і шлях назад, стварэньне свайго Птушынага Шляху. Тры разьдзелы-кнігі кнігі «Сыс» адпавядаюць назьве-прозьвішчу: і пачатак «Пан Лес», і канец «Ягамосьць» — гэта ветлівыя беларускія звароты. А сярэдзіна, якая вызначае цэнтар назвы «Сыс» — «Агмень», улюбёны вобраз паэта.
У анатацыі да кнігі напісана, што Анатоль Сыс — «паэт высокай культуры радка і неардынарных паводзін». Хацелася б дадаць — «і незвычайна насычанага прозьвішча і паводле гучаньня, і паводле формы». Было б дзіўна, каб не зьявілася кніга пад такою назвай. Згодна з найбольш пашыранай версіяй, у ранейшыя часы дзетак, якія доўга смакталі матчыну цыцку альбо свае пальцы, адорвалі мянушкай «сыса», якая і трансфармавалася ў «сыс». Анатоль Сыс высмактаў дашчэнту сябе дзеля Радзімы і Паэзіі. І таму ягоная кніга «Сыс» засмоктвае. Шлях назад ад Сыса ўсё адно пераходзіць у шлях наперад да Сыса.
2.Пятро Васючэнка, Пятрогліфы. У кнізе «Адлюстраваньні першатвора». Менск, «Логвінаў», 2004.
Імя Пятро — са старажытнагрэцкай мовы перакладаецца як скала, камень. Пятро Васючэнка, пераасэнсаваўшы сваё імя, стварыў новы жанр у літаратуры — пятрогліфы — выразанае на камені. І адразу ж вывеў формулу новага жанру — формулу чатырох «З» (звышляканічнасьць, звыш’ёмістасьць, звышэканомія, звышглыбіня). Формула гэтая адразу звышпрыцягвае да сябе.
У «Пятрогліфах» ёсьць і «Рэйтынг лепшых беларускіх твораў пра каханьне». Іх, паводле Пятра Васючэнкі«, 12. Але дарэчы будзе назваць толькі ягонае «Пяцітворра»: Максім Багдановіч «Каханьне і сьмерць», Уладзімір Караткевіч «Нельга забыць», Янка Купала «Яна і я», Яўгенія Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві…», Пятрусь Броўка «Пахне чабор». А ў пятрогліфе «Пяты элемэнт» Пятро Васючэнка вызначае пяць элементаў, дзякуючы якім стаўся магчымым верш Янкі Купалы «Сьнег». Што цікава, такі элемэнт, як «геній Купалы» на трэцім месцы, а «першы, пухнаты і пульхны, сьнег у Вільні» папярэднічае яму.
Будучы каменем, Пятро Васючэнка ўсё ж такі вельмі па-добраму ставіцца да літаратуры і літаратараў, ня тое, што іншыя — каменя на камені не пакідаюць.
3. Георгій Ліхтаровіч, Ліхтарыкі. Менск, «Юніпак», 2005.
Як лічыць стваральнік пятрогліфаў Пятро Васючэнка, «мастацтва заўжды было ліхтаром Дыягена, які шукаў чалавека ўдзень і ўначы. Шукае і сёньня… Ліхтар Дыягена ня гасьне.» У пачатку 21 стагодзьдзя ў Беларусі зьявіўся ня толькі фотамастак, але і паэт Георгій Ліхтаровіч. А неўзабаве ён пачаў запальваць «ліхтарыкі», «лагодныя, памяркоўныя і рахманыя».
Кожны «ліхтарык» маленькі — па чатыры радкі, умоўна кажучы па 40 ват. Але калі яны склаліся ў кнігу, дык сталі сьвяціць магутнасьцю амаль у 15 000 ват. Пры гэтым энэргію не эканомяць, не шкадуюць сябе, каб сьвяціць беларусам. Дапамагаюць ім у такой неабходнай справе шчырыя беларускія каты, намаляваныя Сяргеем Стэльмашонкам. Лагодны, памяркоўны і рахманы кот на вокладцы кнігі трымае прыгожы бел-чырвона-белы ліхтарык.
У «ліхтарыках» Георгія Ліхтаровіча шмат думак, многія зь якіх «навырост», прынамсі для саміх пісьменьнікаў:
Мяркую, што ўгняўлю ня надта Бога,
Хоць, можа, тая думка навырост:
Здаецца мне, што самы лепшы пост -
Ня есьці нам зусім… адзін другога.
Хоць, можа, тая думка навырост:
Здаецца мне, што самы лепшы пост -
Ня есьці нам зусім… адзін другога.
Як напісаў у вершы-прадмове Рыгор Барадулін:
Чытай!
Круці на вус!
Круці на вус!
4. Міхась Мірановіч, Міранізмы. Віцебская абласная друкарня, 2002.
Чаго толькі няма ў беларускай літаратуры: і рэалізм, і мадэрнізм, і постмадэрнізм, і сацрэлізм… І вось менавіта ў Беларусі ўзнік міранізм. Адно не падумайце, што гэта літаратура, якая адлюстроўвае сьвяткаваньне Дня міру, альбо адлюстроўвае праблемы міру і вайны. Міранізм — гэта васьмірадкоўе, напісанае Міхасём Мірановічам і нікім іншым, хіба што нехта іншы возьме сабе такі псеўданім. А прозьвішча Мірановіч сапраўды для гумарыста і сатырыка ідэальнае: адкінеш першую літару ад міранізму і атрымаецца іранізм. Вось такая іронія лёсу.
Ня толькі кожнае васьмірадкоўе, але і ўсе восем разьдзелаў кнігі ствараюць бясконцасьць сьмеху, сур’ёзнага і яшчэ болей сур’ёзнага, як у міранізме «Памяркоўнасьць»:
Памяркоўнасьць
Можа загубіць,
І мы самі
Ў тым сабе падсобім:
Памяркуем часам,
Што рабіць,
Але так нічога
І ня зробім.
Можа загубіць,
І мы самі
Ў тым сабе падсобім:
Памяркуем часам,
Што рабіць,
Але так нічога
І ня зробім.
Мяркуйце, і не адкладайце кнігу ў бок, чытайце.
5. Рыгор Барадулін, Дуліна ад Барадуліна. Бібліятэка Радыё Свабода, 2004.
Назву гэтай кнігі прыдумаў не Рыгор Барадулін, а дырэктар беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Аляксандр Лукашук. І ў гэтым нічога незвычайнага няма. Яе аснову склалі показкі і эпіграмы народнага пісьменьніка Беларусі, якія прагучалі на Радыё Свабода ў цыкле «Лета з Барадуліным» з 1 чэрвеня па 31 жніўня 2004 года. Назва спадабалася аўтару і ўсім, у каго ёсьць пачуцьцё гумару і рыфмы.
У кнігу ўваходзіць 75 дулін-аповядаў пра пісьменьнікаў, якія трапна характарызуюць і дзядзьку Рыгора, і тых, пра каго ён піша. Пяць «вясёлых эсэ для 21 стагодзьдзя» распавядаюць пра асноўныя заняткі беларусаў. А тое, што ў іх уваходзяць пільнаваньне паганства, прыём і хаджэньне ў госьці, адпачынак, лоўля ракаў і сэкс, упэўненая, ніякі беларус не сумняецца.
Не трымайце дуліну ў кішэні, чытайце і «Дуліну ад Барадуліна», і іншыя ягоныя творы.