Вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Яраслаў Раманчук сёньня ўпершыню зрабіў прэзэнтацыю сваёй перадвыбарчай праграмы ў Горадні.
Прэзэнтуючы праграму, Яраслаў Раманчук давёў прысутным, што цяперашні ўрад абраў курс на самаізаляцыю, а не на эканамічную інтэграцыю, што ў сваю чаргу прывяло да росту напружаньня на рынку працы, накапленьня інвэстэцыйных памылак, пагаршэньня фінансавага становішча банкаў і г.д.
Аўтар падкрэсьліў, што не існуе лёгкіх рашэньняў рынку працы, але зазначыў — калі зараз нічога не рабіць, то Беларусь можа страціць да 2013 году 30 тысяч працоўных месцаў.
У сваёй праграме Яраслаў Раманчук вылучыў сем яе асноўных падмуркаў:
- Падтрымка занятасьці, хуткая інтэграцыя ў рынак працы.
- Стварэньне спрыяльнага дзелавога і інвэстыцыйнага клімату.
- Мадэрнізацыя інфраструктуры (дарогі, энэргетыка, тэлекамунікацыі і г.д) .
- Разьвіцьцё фінансавай сыстэмы.
- Пашырэньне рынкаў збыту, эканамічная інтэграцыя з усімі суседзямі.
- Адаптацыя сыстэмы адукацыі да патрабаваньняў рынку працы.
- Бясьпека чалавека, стабільнасьць дзяржаўных інстытуцый.
Асаблівасьцю прэзэнтацыі было тое, што аўтар даводзіў прысутным складаныя рэчы пра лібэралізацыю, інвэстыцыі, падаткі, ліцэнзаваньне і г. д. даступнай мовай, прыводзіў жыцьцёвыя прыклады, параўноўваў з падобнымі працэсамі ў суседніх краінах.
Праграма, на якой будзе грунтавацца перадвыбарная плятформа Яраслава Раманчука, раьзлічаная на 2011-2013 гады. У Горадні быў агучаны і перадвыбарчы слоган АГП: «Ствараем новае. Захоўваем лепшае», які таксама прапанаваны ў якасьці беларускай нацыянальнай ідэі.