У Менску “Правы альянс” правёў пікет супраць алкагалізму і наркаманіі


У Менску на плошчы Бангалор сёньня прайшоў пікет супраць алькагалізму і наркаманіі. Санкцыянаваны Мінгарвыканкамам пікет арганізавала моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Правы альянс».

Прыкладна а 18:15 каля 30 чалавек сталі ў парку Дружбы Народаў каля праезнай часткі вуліцы Багдановіча. Яны трымалі расьцяжкі зь лёзунгамі «За здаровы лад жыцьця» і расьцяжку «Спыніць дурдом», ня якой быў выяўлены знак «стоп» і макавая саломка, паведамляе БелаПАН.

Маладыя людзі раздавалі мінакам улёткі з напамінам пра небясьпеку ўжываньня наркотыкаў. У якасьці ілюстрацыі сваіх намераў яны вылілі ў сьметніцу дзьве бутэлькі пладова-ягаднага віна, а таксама спалілі насеньне маку.

Як сказаў БелаПАН падчас акцыі лідэр «Правага альянсу» Юрый Карэтнікаў, гэта ўжо трэцяя ў гэтым годзе спроба прыцягнуць увагу улад да праблемы наркатызацыі і алькагалізацыі насельніцтва. «Летась мы рабілі кампанію па забароне наркатычных сумесяў для курэньня кшталту „спайс“. У выніку іх забаранілі, аднак на рынку зьявілася сумесь для курэньня „крысталіус“. Зараз МУС забараніла і яе, аднак ніхто ня ведае, што зьявіцца ёй на зьмену, — сказаў Карэтнікаў. — Беларуская бюракратычная дзяржава не падрыхтаваная да тых выклікаў, якія кідаюць ёй наркагандляры».

Паводле яго слоў, зараз на буйных рынках Беларусі можна купіць насеньне опійнага маку, якое шляхам няхітрых маніпуляцый ператвараецца ў наркатычны сродак. Між тым, адзначыў Карэтнікаў, Беларусь падпісала рэзалюцыю ААН аб кантролі за міжнародным перамяшчэньнем насеньня опійнага маку:

«Гэта рэзалюцыя ў Беларусі фактычна не выконваецца, і адна з мэтаў сёньняшняй акцыі — прымусіць улады яе прытрымлівацца».

Як адзначыў Карэтнікаў, са сваімі ініцыятывамі «Правы альянс» зьвяртаўся ў МУС Беларусі і «знайшоў там стопрацэнтную падтрымку».

Варта адзначыць, што падчас правядзеньня сёньняшняй акцыі, якая доўжылася прыкладна паўгадзіны, супрацоўнікаў міліцыі вакол яе заўважана не было. Толькі калі акцыя завяршылася, да яе ўдзельнікаў падышоў міліцэйскі патруль і пасьля кароткай размовы міліцыянэры і пікетчыкі разышліся ў розныя бакі. Ніхто ня быў затрыманы.

Пачатак дазволенага ўладамі пікету.
Пікетоўцы сталі ўздоўж вуліцы Багдановіча.
Лідэр «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў.
Складнікі для прыгатаваньня наркатычных сродкаў, растваральнік В-646, неапрацаванае насеньне харчовага маку, што ўтрымлівае опій і вольна прадаецца.
Вось так актывісты ставяцца да «народнага» напою — «чарніла».
Паляць складнікі для прыгатаваньня наркатычных сродкаў.