Пасьля гвалтоўных ператрусаў, праведзеных у актывістаў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", мінула ўжо больш як два тыдні. Практычна ў кожным рэгіёне міліцыянты канфіскоўвалі асабістыя рэчы, кампутары й прылады да іх, а таксама прэсу і літаратуру. Актывісты патрабуюць вярнуць забраныя рэчы.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
Скаргі з Гомелю перанакіроўваюцца ў Менск
Міліцыя да гэтага часу не вярнула гомельскім удзельнікам грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" асабістыя рэчы, забраныя 18 траўня падчас масавых ператрусаў.
Гаворыць актывіст кампаніі Валер Сьляпухін:
"Не, нічога не вярнулі. Не магу нават датэлефанавацца да сьледчай Юхневіч, якая ўзбуджала крымінальную справу. Мне вядома толькі, што забраныя рэчы знаходзяцца ў Гомелі. Калі будуць іх вяртаць — ніякай інфармацыі на гэты конт няма".
У спадара Сьляпухіна забралі асабістыя мабільныя тэлефоны, кампутар і ноўтбук.
Не вярнулі грошы й забраныя асабістыя рэчы дзяцей і другому гомельскаму актывісту, экс-дэпутату Вярхоўнага Савету СССР Юрыю Варонежцаву. Ягоную скаргу й скаргу жонкі з Генэральнай пракуратуры перанакіравалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру.
Гомельскія міліцыянты на патрабаваньне вярнуць адабраныя ў дзяцей кампутары й тэлефоны адказваюць, што на тое няма пісьмовага распараджэньня зь Менску.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
"Менскі сьледчы кажа — забірай рэчы, а гарадзенскі патрабуе пісьмовага загаду…"
Актывісты на Гарадзеншчыне ня могуць дамагчыся ад сьледчых органаў, каб ім вярнулі маёмасьць, забраную падчас ператрусу 18 траўня.
Ваўкавыскі актывіст Віталь Гуляк адпачатку заяўляў, што ня мае дачыненьня да кампаніі "Гавары праўду". Але ў яго забралі пэрсанальны кампутар, мабільны тэлефон, банкаўскую картку і нават "карту паляка" і мноства самых розных часопісаў, газэтаў, улётак.
Віталь Гуляк адразу ж напісаў скаргі ў раённую і Генэральную пракуратуры.
Ён інвалід ДЦП другой групы зь дзяцінства. На банкаўскую картку ён атрымлівае пэнсію па інваліднасьці, і цяпер наагул застаўся бяз сродкаў да існаваньня. На знак пратэсту Віталь нават вывесіў у вакне бел-чырвона-белы сьцяг, за што на яго склалі пратакол.
Таксама ён некалькі разоў тэлефанаваў да сьледчай Ленінскага РУУС Менску Кацярыны Юхневіч, на чый загад быў праведзены ператрус, і патрабаваў вярнуць ягоныя рэчы. Зь яго слоў, учора яна сказала, каб ён ехаў у Горадню і забіраў усе рэчы, акрамя кампутара.
Гуляк: "Я сёньня тэлефаную ў Горадню да сьледчага, а ён мне заяўляе, што пакуль у яго ня будзе пісьмовых указаньняў, то ніякіх рэчаў мне ніхто ня выдасьць. Тое самае адказаў і загадчык аддзелу. А ўчора сьледчая Юхневіч мне сказала: едзьце, забірайце, я дала ўказаньні".
Віталь Гуляк кажа, што гэта папросту зьдзек зь яго як зь чалавека і інваліда.
У актывісткі АГП Аляксандры Васілевіч з Горадні таксама канфіскавалі кампутар, мабільны тэлефон і іншыя рэчы. Яна таксама скардзілася ў Генэральную пракуратуру. Яе наагул абурае тое, як адзін "добры" сьледчы пасылае да другога — "дрэннага". Вось што яна кажа наконт гэтага:
Васілевіч: "Загад рабіць ператрусы было дастаткова атрымаць па факсу, дык вось няхай па факсу і дасылаюць загад, каб вярнулі нам рэчы. Вядома, што ў нашай краіне без паперкі ты ніхто, ну дык няхай гэтая сьледчая і піша свае паперкі па факсу".
ВІЦЕБШЧЫНА
У Віцебску і Воршы суды чакаюцца не пазьней як 30 чэрвеня
Падчас апошняй хвалі ператрусаў у актывістаў кампаніі "Гавары праўду" на Віцебшчыне забралі толькі агітацыйныя матэрыялы.
Вось што распавяла для "Свабоды" віцебская актывістка Лідзія Сагідуліна:
"Закладкі для кніжак, дзе было напісана "Гавары праўду", каляндарыкі маленькія забралі ў Галіны Багданавай. Яшчэ — некалькі буклетаў кампаніі "Гавары праўду", літаральна штук 30. Колькасьць увогуле нязначная".
З гэтай прычыны ніхто з актывістаў ня стаў зьвяртацца ў міліцыю з патрабаваньнем вярнуць маёмасьць. Але яшчэ напярэдадні ператрусаў у Віцебску была канфіскаваная агітацыйная прадукцыя кампаніі ў нашмат большым аб’ёме і колькасьці. Вяртаньнем яе і заклапочана цяпер Лідзія Сагідуліна:
ў нас канфіскавалі тры тысячы балёнікаў, 260 буклетаў кампаніі "Гавары праўду" і некалькі сумак такіх, з тканіны, зь лягатыпам кампаніі ...
"30-га красавіка ў нас канфіскавалі тры тысячы балёнікаў, якія мы хацелі 1-га траўня раздаць, 260 буклетаў кампаніі "Гавары праўду" і некалькі сумак такіх, з тканіны, зь лягатыпам кампаніі. Канечне ж, мы хочам гэта раздаць людзям — і балёнікі, і сумкі, і буклеты! Мы пісалі скаргу ў пракуратуру, і нам адказалі, што ўсё будзе вырашаць суд. Маўляў, чакайце суду. Але пакуль нас туды не завуць".
Паветраныя балёнікі, буклеты ды сумкі міліцыя забрала проста на вакзале, падпільнаваўшы актывістаў з валізамі. Прычым канфіскацыя адбылася ў адну ноч у Віцебску і ў Воршы, падкрэсьлівае актывіст Алесь Шутаў:
"30-га красавіка на аршанскім вакзале транспартная міліцыя затрымала Руслана Канавалава. Ён на маю просьбу прывёз зь Менску камплект паветраных балёнікаў, сьцяжкоў, буклетаў. 11 траўня на яго склалі пратакол за незаконны распаўсюд пэрыядычных друкаваных выданьняў. Балёнікі і сьцяжкі ў той самы дзень вярнулі. Адзінае, чаго транспартная міліцыя не вярнула, — гэта 101 асобнік пляката "Ўладзімер Някляеў — лідэр кампаніі "Гавары праўду".
Наконт плякатаў аршанскія міліцыянты, гэтаксама як і віцебскія, сказалі чакаць позвы ў суд. Пакуль позваў няма.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, які дапамагаў актывістам складаць скаргі, разгляд судовых спраў у Віцебску і ў Воршы павінен адбыцца не пазьней як 30-га чэрвеня:
"Паводле гэтага артыкула 22.9 судовае рашэньне павінны прыняць не пазьней як праз два месяцы пасьля факту правапарушэньня. Але я не разумею дзеяньні міліцыянтаў, якія забралі балёнікі, буклеты "Гавары праўду" і расцанілі гэта як парушэньне заканадаўства пра сродкі масавай інфармацыі. Каб у нас было незалежнае правасудзьдзе, то па гэтых пратаколах ніколі не прынялі б абвінаваўчага рашэньня, а судовую справу спынілі б".
На тое, што суд іх апраўдае і верне ўсё забранае, актывісты кампаніі "Гавары праўду" ня дужа спадзяюцца.