Швэдзкі гісторык беларускага паходжаньня Андрэй Катлярчук у залі Нацыянальнай бібліятэкі прэзэнтаваў дзьве свае кнігі «Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў» і «У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны ХVII ст.»
На прэзэнтацыі быў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, навукоўцы і грамадзкія дзеячы.
Кнігі Андрэя Катлерчука цікавыя перш за ўсё навукоўцам. Тым больш, што кніга «У ценю Польшчы і Расеі. Вялікае Княства Літоўскае і Швэцыя ў часе эўрапейскага крызісу сярэдзіны ХVII ст» па-сутнасьці ёсьць доктарскай дысэртацыяй аўтара.
Кніга кранае адну са старонак беларускай гісторыі, якая мала вядомая нават дасьледчыкам. Хаця гісторыя ня мае ўмоўнага ладу, але цікава ўявіць як разьвіваліся б падзеі, калі б ВКЛ зьмяніла свае зьнешнепалітычныя і эканамічныя прыярытэты і стала б у сярэдзіне ХVII стагодзьдзя арыентавацца на Швэцыю.
Гісторык Андрусь Унучак выказаў сваё меркаваньне:
«Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі на тэму Кейданскай уніі і злучнасьці Беларусі і Швэцыі напісаў беларускі гісторык на аснове швэдзкіх матэрыялаў.
Ён паказаў, што ў Беларусі на канфэсійнай глебе была альтэрнатыва шляху. Калі большасьць каталіцкай эліты Беларусі была засяроджана на уніі з Польшчай на ідэі Контррэфармацыі, то пратэстанцкая шляхта на ідэі Рэфармацыі заключыла ўнію са Швэцыяй. Гэта быў такі шлях, які паказваў, што Беларусь належыць да Захаду, а, па-другое, пратэстанцкая спадчына мае вялікі ўплыў на ўсю нашу гісторыю і мы можам нават казаць пра варыянтнасьць гістарычных шляхоў Беларусі».
На прэзэнтацыі прысутнічаў амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан:
«Малавядомы факт і ў Швэцыі таксама існаваньня Кейданскай уніі. Гэта падштурхоўвае падумаць пра сёньняшні дзень, пра месца знаходжаньня Беларусі, пра магчымасьць глядзець на Захад, Усход, Поўнач і Поўдзень. Геаграфічнае становішча Беларусі сапраўды цікавае. Калі кніга Андрэя падштурхне думкі беларусаў у бок Швэцыі, то недарэмна было праводзіць гэтае мерапрыемства»
Аўтар кніг Андрэй Катлярчук распавёў «Свабодзе»:
«Кніжка пісалася ў 2004-2005 годзе і якраз тады адна гістарычная частка ВКЛ апынулася ў Эўрапейскім саюзе. Я маю на ўвазе Літву. Гэта азначае, што яна далучылася, згодна з ідэяй Кейданскай уніі, да агульнай эканамічнай і прававой прасторы са Швэцыяй. Іншая частка — Беларусь — па-за Эўразьвязам. Кніга пра той палітычны праект, калі паміж Польшчай і Расеяй заціснутая Беларусь паспрабавала знайсьці скандынаўскую паўночную альтэрнатыву.
ВКЛ тады шукала іншы варыянт палітычнай будучыні — далучыцца да моцнай скандынаўскай імпэрыі. Далучыцца да таго блёку краінаў, бо Фінляндыя была ўжо часткай Швэцыі, Эстонія, Латвія… Мы кажам пра Кейданскую ўнію 1655 году».
Паколькі кніга ёсьць дысэртацыяй, то яна разьлічана на падрыхтаванага чытача. Гэтая кніга будзе цікавая гісторыкам, студэнтам і настаўнікам гісторыі.
Яна будзе цікавая тым, хто займаецца пошукам радаводу, бо ў ёй згадваюцца прозьвішчы шляхты з розных паветаў.
Тэма Кейданскай ўніі мала дасьледаваная. Навукоўцы Польшчы неадназначна ўспрымаюць яе. Існуе міт пра тое, што ВКЛ здрадзіла Польшчы. Аўтар Андрэй Катлярчук паставіў мэту разабрацца, ці быў факт здрады, таксама разьвеяць яшчэ адзін міт пра тое, што унія была нечаканая. Дзеля гэтага аўтар дасьледаваў кантакты, якія існавалі паміж Беларусьсю і Швэцыяй да уніі.
Андрэй Катлярчук нарадзіўся ў беларускай сям’і вайскоўца. З Санкт-Пецярбургу паехаў вучыцца ў Швэцыю і там атрымаў вышэйшую адукацыю. Цяпер стала жыве ў Швэцыі і працуе выкладчыкам.