Ізраіль атакаваў гуманітарны канвой у Газу

Ізраільскія ваенныя караблі атакавалі ў Міжземным моры канвой шасьці караблёў гэтак званай "флятыліі свабоды" (паводле некаторых крыніцаў, "флятыліі міру"), які вёз гуманітарную дапамогу ў сэктар Газы.
Паводле паведамленьняў сусьветных прэс-агенцтваў, у сутычцы загінула ня менш за 10 чалавек, у тым ліку 6 грамадзянаў Турцыі. Ёсьць параненыя, таксама і зь ізраільскага боку.

Арганізатары канвою, “Рух за свабодную Газу”, сьцьвярджаюць, што ізраільскія вайскоўцы сталі страляць адразу пасьля таго, як увайшлі на барты караблёў канвою.

Паводле ізраільскіх крыніц, ізраільскія спэцназаўцы адкрылі агонь пасьля таго, калі былі атакаваныя ўдзельнікамі канвою, якія былі ўзброеныя ў нажы, сякеры і агнястрэльную зброю.

Намесьнік міністра абароны Ізраілю Дані Аялон сказаў, што канвой, які быў "армадай нянавісьці і гвалту ў падрымку тэрарыстаў з Хамасу", быў адмыслова арганізаванай правакацыяй.

"Мы шакаваныя паведамленьнямі аб забітых і параненых на бортах караблёў, якія везьлі пастаўкі ў Газу" — гаворыцца ў заяве Рабэра Сэры, пасланьніка ААН на Блізкі Ўсход. "Мы хочам давесьці да ведама, што такіх трагедый можна было б зусім пазьбегчы, калі б Ізраіль прыслухаўся да заклікаў міжнароднай супольнасьці і закончыў сваю контрпрадуктыўную і непрымальную блякаду Газы".

Асуджэньне інцыдэнту выказалі ізраільскім амбасадарам у шматлікіх эўрапейскіх краінах, між іншым, у Францыі, Гішпаніі, Швэцыі, Даніі і Нарвэгіі. Турцыя адклікала свайго амбасадара ў Ізраілі.

Прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас назваў атаку "разьнёю" і аб’явіў трохдзённую жалобу на палестынскіх тэрыторыях.

Інцыдэнт з канвоем адбыўся напярэдадні сустрэчы прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Бэньямінам Нэтаньяху ў Вашынгтоне.