Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін прыехаў у Менск на кангрэс беларусістаў не з пустымі рукамі — зь ёмістай, больш за 1000 старонак, кнігай «Пісаньне ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 70-х гадоў да нашых дзён». Падобных дасьледаваньняў па-ангельску яшчэ не было. Па заканчэньні кангрэсу самы вядомы ў Вялікабрытаніі беларусіст быў госьцем нашага радыё.
Міхась Скобла: «Спадар Макмілін, колькі ж гадоў забрала ў вас гэтая праца?»
Арнольд Макмілін: «Мінімум шэсьць. Памятаю, я закончыў манаграфію „Беларуская літаратура дыяспары“, якая выйшла таксама сёлета, і пачаў думаць пра гэты велізарны праект. Цяпер, дарэчы, рыхтуецца пераклад гэтай кнігі на беларускую мову. Перакладчыца ўжо зрабіла палову. Я пачынаю са Стральцова, потым ідзе разьдзел пра Барадуліна — гэта самыя выбітныя пісьменьнікі старэйшага пакаленьня. Потым — „Тутэйшыя“, іх сучасьнікі і асобна — Анатоль Сыс, Уладзімер Някляеў, Адам Глёбус і Ўладзімер Арлоў. Во, я забыўся пра самага важнага — Алеся Разанава. Я хацеў бы напісаць сур’ёзную кнігу пра Васіля Быкава, але ёсьць праца Зінаіды Гімпелевіч».
Скобла: «Вы з аднолькавай ахвотай пішаце пра беларускую паэзію і прозу. Што вам лягчэй успрымаць?»
Макмілін: «Паэзію. Справа ў тым, што вашы слоўнікі вельмі кепскія — няма многіх словаў.
Справа ў тым, што вашы слоўнікі вельмі кепскія — няма многіх словаў.
Скобла: «Свой даклад на кангрэсе беларусістаў вы прысьвяцілі Ўладзімеру Някляеву. Чаму вы так зрабілі?»
Макмілін: «За дзень да майго дакладу я даведаўся, што ён пад арыштам. Гэта мяне шакавала. І ў час дакладу я рашыў ахвяравацца Някляеву публічна. Гэта проста жэст салідарнасьці. Ня ўсе тое зразумелі. Але многія зразумелі. Усім было б прасьцей, калі б гаварылі праўду. Арыштаваць чалавека за праўду — катам на сьмех. І калі Някляева выпусьцілі, я быў вельмі рады. Някляеў ня мой асабісты сябра, але выдатны паэт і адважны чалавек».
Скобла: «Вернемся, аднак, да вашых дасьледаваньняў. У вашых кнігах часам можна сустрэць даволі нязвыклыя для беларускага акадэмічнага літаратуразнаўства ацэнкі. Напрыклад: „У прозе Івана Шамякіна няма нічога спэцыфічна беларускага. Зьмест яго раманаў мяняўся, як флюгер, у адпаведнасьці зь лініяй ураду. Партыя і ўрад, напэўна, былі задаволеныя мець такога пісьменьніка за прапагандыста і ідэалягічнага прамоўцу“. Ці не залішне жорстка вы характарызуеце аднаго з савецкіх клясыкаў?»
Макмілін: «Я лічу, што Шамякін напісаў вельмі чытэльныя кнігі. Але для мяне гэта не вялікая літаратура. Прашу прабачэньня. Вялікая літаратура для мяне — Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Янка Брыль, гэта сапраўдныя постаці са старэйшага пакаленьня. Быкава ня зблытаеш зь іншымі ваеннымі пісьменьнікамі. Гэта ня толькі ў літаратуры, і ў музыцы такі ж крытэр — свой голас, калі гаварыць проста. Я згадаў бы яшчэ вершы Разанава. Арлоў — таленавіты пісьменьнік, ён можа пісаць у розных стылях, на розныя тэмы. У адным зь яго апавяданьняў гаворыцца пра дакучлівага араба з жамчужна-белымі зубамі, прадаўца дываноў, ён усё ведае пра Беларусь, усьміхаецца: „Менск, Чарнобыль, Лукашэнка“… Так што Арлоў ня толькі выдатны гістарычны раманіст, але піша з гумарам, дасьціпна, на сучасныя тэмы. Я ўключыў у кнігу Глёбуса, ён самы вядомы з сучасных беларускіх пісьменьнікаў, часткова дзякуючы самарэкляме, а таксама эпатажу. Незалежны часопіс „Аrche“ прысьвяціў яму цэлы выпуск. Гэта пра штосьці гаворыць. Я заўсёды лічыў Някляева вельмі добрым паэтам. Яго шэдэўр — кніга „Прошча“. Раман „Лабух“ таксама цікавы. Някляеў — няшчасны чалавек, бо яму давялося жыць за мяжой, як і Быкаву. Я лічу, што гэта цяжкі лёс. Непрыемна, што, вярнуўшыся ў Беларусь, Някляеў, як мы гаворым па-ангельску, трапіў у гарачую ваду».
Скобла: «Калі пашукаць нейкага антыпода Шамякіну ў беларускай літаратуры, то ім можа быць Ларыса Геніюш. Вы, дарэчы, напісалі прадмову да лёнданскага выданьня яе вершаў. Раней беларускіх пісьменьнікаў сварыла між сабой савецкая ўлада, цяпер — улада лукашэнкаўская. Як вы ставіцеся да існаваньня двух пісьменьніцкіх саюзаў-антыподаў у Беларусі?»
Макмілін: «На мой погляд, ёсьць сапраўдны і здрадніцкі саюзы, я гаварыў пра гэта ў прамове на кангрэсе. Што рабіць, калі знайшлася частка пісьменьнікаў, якія вырашылі пакінуць сваю арганізацыю. Я дакладна ня ведаю, хто распачаў гэтую справу. Яны, відаць, лічылі, што Саюз пісьменьнікаў адсталы, сумны, што беларуская літаратура зайшла ў тупік. А цяпер Саюз беларускіх пісьменьнікаў — гэта бастыён свабоды, на мой погляд. І канешне, улада ўсё робіць, каб вынішчыць гэты саюз. Ён ужо згубіў будынак і фінансаваньне. А цяпер, я ведаю, існуе пагроза, што сябры саюзу могуць згубіць працу. Гэта вельмі і вельмі дрэнна».
Скобла: «Вы зьяўляецеся віцэ-прэзыдэнтам Ангельска-беларускага таварыства. Чым займаюцца ягоныя сябры?»
Макмілін: «На чале таварыства стаіць мой калега Джым Дынглі. Ён таксама браў удзел у кангрэсе, выступаў з дакладам. Ён поўны энэргіі. Мы ладзім розныя імпрэзы, даклады. Калі вялікія пісьменьнікі, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, бывалі ў Лёндане, таварыства іх прымала. Наша дзейнасьць вельмі цесна зьвязаная са Скарынаўскай бібліятэкай».
У ХVІІІ стагодзьдзі я жыў бы ў сваім замку ў Англіі і нічога ня ведаў бы пра Беларусь.
Скобла: «Адказваючы на анкету Свабоды, вы зазначылі, што хацелі б жыць у XVIII стагодзьдзі. Але тады вам давялося б дабірацца ў Беларусь ня некалькі гадзінаў — самалётам, а ехаць некалькі месяцаў — конна. Ці атрымалася б у вас гэтак запаволіць сваё жыцьцё?»
Макмілін: «Я хацеў бы жыць у ХVІІІ стагодзьдзі з умовай, калі б было шмат грошай. Гэта век прыгажосьці, мастацтва, музыкі, і наогул, здаецца, вельмі добры, элегантны век: Моцарт, Гайдн, мастакі Гейнзбар, Стабз. Гэта вялікі век для нябедных, хоць большасьць людзей у той час былі напалову граматнымі. Але вяршкі грамадзтва жылі лепш, чым у ХІХ ці ХХ стагодзьдзях. У ХVІІІ стагодзьдзі я жыў бы ў сваім замку ў Англіі і нічога ня ведаў бы пра Беларусь. Калі б не якія-небудзь выпадковыя знаёмствы з Радзівіламі…»
Скобла: «Назавіце два самых яркіх уражаньні ад вашага колькідзённага побыту ў Беларусі — станоўчае і адмоўнае.
Макмілін: «Станоўчае — гэта сустрэчы з маімі сябрамі. А адмоўнае… У вас няма бясплатных паездак для пэнсіянэраў, як у нас. Сёньня ў аўтобусе я быў сьведкам сваркі кантралёркі з пэнсіянэрам. Яны крычалі, размахвалі рукамі. Закончылася цікава. Пэнсіянэр усё ж заплаціў, а кантралёрка дала яму рэшту. Дык ён разарваў тыя грошы і кінуў на падлогу. Учора быў фуршэт пасьля канфэрэнцыі, я глядзеў на ўсіх прысутных, усе былі такімі ветлівымі, сьціплымі, паводзіліся ня так, як часам паводзяцца людзі на фуршэтах у Расеі. Нядаўна мая жонка была на фуршэце ў гонар выхаду збору твораў расейскага пісьменьніка Георгія Владзімава (ён быў нашым сябрам). Яна расказвала, як журналісты, якія не чыталі Владзімава наогул, не саромеліся выпіваць шампанскае і есьці добрыя закускі. У вас ня так. Можа быць, маё параўнаньне несправядлівае, але гэта тое, што я ведаю».