Уладзімера Асіпенку магчыма вызваляць па амністыі

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку трымаюць у карантыне бабруйскай калёніі. Мікалай Аўтуховіч будзе адбываць пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі, вядомай пад назвай "Воўчыя норы". Уладзімера Асіпенку не пераводзяць з Валадаркі – магчыма яго вызваляць па амністыі.


Актывіст “Маладога фронту” Арцём Дубскі быў пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году.
На гэтым тыдні выйшаў на волю маладафронтавец Арцём Дубскі, пра знаходжаньне якога ў калёніі мы рэгулярна паведамлялі цягам году. На прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 26-га траўня, Арцём Дубскі шмат распавёў пра парадкі ў калёніі, а таксама пра тое, як яму ды іншым вязьням давялося змагацца за элемэнтарныя бытавыя ўмовы: наяўнасьць туалетнай паперы, магчымасьць набыць ў краме тэлефонныя карткі ці капэрты, каб дасылаць лісты. Пэўны вынік гэтае змаганьне дало, але ў адказ пачалася помста: Дубскаму пачалі выносіць адно за другім пакараньні нібыта за парушэньні турэмных парадкаў. Але і тут Арцём не разгубіўся. Вось што згадвае былы вязень 19-ай магілёўскай калёніі.

"Калі мне паспрабавалі навесіць чарговае парушэньне, чацьвёртае ці пятае, я ўзяў стос паперы і за адзін дзень напісаў 92 заявы. Прыкладам, прашу патлумачыць якой даўжыні мусяць быць мае шнуркі паводле інструкцыі, чым рэглямэнтаваная наяўнасьць спадарожнікавай талеркі на будынку штабу і гэтак далей. Я браў іх зморам, бо немагчыма на ўсе такія лісты адказваць. Бо не адзін я пісаў падобныя заявы. 1200 вязьняў у калёніі і па сыходзячых нумарах у адказах можна ўявіць, колькі пішацца лістоў. Дык вось на 1200 вязьняў даводзіцца прыкладна 32 тысячы папер штогод".


Андрэй Бандарэнка, якога судзілі другі раз, вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Першы прысуд Бандарэнку, які летась вынес Першамайскі суд Менска, быў адменены, справу накіравалі на новы разгляд, але з другой спробы прадпрымальніка зноў асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Досьвед змаганьне Арцёма Дубскага ў калёніі за свае правы можа быць карысным для іншых вязьняў. На гэтым тыдні ў Бабруйскую калёнію патрапіў былы прадпрымальнік, актывіст АГП Андрэй Бандарэнка. Пра гэта Свабодзе паведаміла сястра вязьня Ірына Бандарэнка. Паводле Ірыны, з Андрэем Бандарэнкам ужо ў Бабруйскай калёніі пабачыўся ягоны бацька.

"Прыехаў ён туды перадаць яму ежу, рэчы, а яму прапанавалі сустрэчу. І яны бачыліся. Тата кажа, што Андрэй выглядае нармалёва, ні на што не скардзіцца".

Зараз Андрэй Бандарэнка яшчэ ў карантыне, таму пакуль невядома ў які атрад яго накіруюць для адбыцьця пакараньня.

Нагадаю, прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня.


Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады да незаконнае абыходжаньне са зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў пакараны 2 гадамі калёніі за невыкананьне службовых абавязкаў.
З вялікай доляй верагоднасьць можна казаць, што Мікалая Аўтуховіча накіруюць для адбыцьця пакараньня ў Івацэвіцкую калёнію, вядомую па назьве бліжэйшага населенага пункту "Воўчыя норы". Гэтак вынікае з ліста, які атрымала маці Аўтуховіча з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Жанчына прасіла накіраваць яе сына для адбыцьця пакараньня бліжэй да дому – у ваўкавыскую калёнію, але атрымала адмову.

Пакуль Мікалай Аўтуховіч застаецца з менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага, паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. Там жа чакае вырашэньня свайго лёсу і сябра Аўтуховіча Уладзімер Асіпенка. Дачка Асіпенкі Людміла кажа, што па-ранейшаму жыве чаканьнем амністыі, якая, магчыма, вызваліць тату з турмы.

"Навінаў асаблівых няма, чакаем закону аб амністыі, мяркую, ён адразу ўсё зьменіць. Тата піша, таксама чакае гэтага закону, настрой у яго нядрэнны".

Паводле зьвестак праваабаронцы Алега Воўчака Уладзімера Асіпенку перавялі ў іншую камэру, дзе ўмовы быццам бы лепшыя.