Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў чацьвер 27 траўня перад студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ Магілёўскай вобласьці, паведаміў, што ўрад краіны зноў вядзе перамовы з МВФ адносна крэдытаваньня па праграме stand-by.
«Мы вядзем перамовы. Мяркую, мы дамовімся на выгадных умовах».
Між тым, паводле кіраўніка місіі МВФ па Беларусі Крыса Джарвіса, Міжнародны валютны фонд мае намер працягнуць перамовы з уладамі Беларусі пра магчымасьць рэалізацыі новай праграмы stand-by не раней за пачатак восені гэтага году. Пра гэта спадар Джарвіс паведаміў на брыфінгу ў Менску 25 траўня.
«Мы плянуем вярнуцца ў Менск на пачатку восені для працягу дыскусіяў. Мы дадзім новую ацэнку эканамічнай сытуацыі Беларусі і сумесна з уладамі — ацэнку патрэбы ў новай праграме. Калі беларускі ўрад і Нацбанк будуць зацікаўленыя ў новай праграме, то МВФ будзе гатовы даць такую падтрымку і распачаць праграму, якая будзе ўключаць прадуманыя захады ў галіне эканамічнай палітыкі», — сказаў на брыфінгу Крыс Джарвіс.
Спадар Джарвіс выказаў занепакоенасьць экспэртаў МВФ ростам крэдытнай запазычанасьці Беларусі і заявамі пра падвышэньне заробкаў да канца году.