Беларускія дыпляматы вернуцца ў Кіргізстан, калі нічога ня будзе пагражаць іхнай бясьпецы.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на начальніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі Андрэя Савіных.
"Пакуль беларускія дыпляматы знаходзяцца ў Менску, кансультацыі працягваюцца. Яны вернуцца ў Кіргізстан, калі мы зможам з поўнай упэўненасьцю сьцьвярджаць, што ім нічога не пагражае", — заявіў Савіных.
Нагадаем, сваякі загінулых падчас красавіцкіх падзеяў грамадзянаў Кіргізстану праводзілі пікеты каля амбасады Беларусі ў Бішкеку з патрабаваньнем экстрадыцыі К.Бакіева.
Амбасадар Беларусі і ўсе астатнія супрацоўнікі амбасады Беларусі адкліканыя ў Менск 13 траўня.
Амбасадарка Кіргізстану ў Беларусі Ішанкуль Балджурава, якая знаходзілася ў камандзіроўцы ў Бішкеку, вярнулася ў Менск на мінулым тыдні.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі "пазытыўна ўспрынялі вяртаньне пасла Кіргізстану. Гэта, безумоўна, добры канал для дыялёгу, ён будзе садзейнічаць лепшаму ўзаемаразуменьню паміж бакамі", — сказаў А.Савіных.