Гісторык. Нарадзіўся 21 лістапада 1955 году на Гарадзеншчыне ў мястэчку Шчучын. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З 1978 году жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Працуе ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы. Даследуе гісторыю сусветнай культуры, беларускае мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы. Доктар філялягічных навук (1997). Аўтар манаграфіі “Палата кнігапісная” (1993), прысьвечанай традыцыям кніжнай культуры ў Беларусі, кнігі "Беларускі Пецярбург" (2009), таксама больш за 200 публікацый па археалёгіі, гісторыі бібліятэк, рукапіснай кнігі, бібліяграфіі. Адзін з заснавальнікаў і член прэзыдыюму Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Што для вас свабода?
Магчымасьць руху і інтэрпрэтацый.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Час і грошы
Што для вас шчасьце?
Працаваць і жыць у тым рытме, які сам выбраў.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Стратаў.
Які талент вы хацелі б мець?
Добра граць на фартэпіяна альбо на гітары.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Шмат каго паважаю. А захапляюцца – мне здаецца – бляндынкі з анэкдоту.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Працаваць са старымі рэчамі і дакумэнтамі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Запісаў бы на магнітафон галасы дзеда і бабулі, размовы нянькоўскіх людзей (вёска, дзе дзяды жылі).
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ня бойся! - ад папы Яна Паўла II.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Калі ўзяўся рабіць – рабі!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У добра адладжанай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Шлях чалавека пралягае праз розныя месцы.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Сёньня.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Выступіў бы перад грамадзянамі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Добрыя.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрыя.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Разьвіцьцё нацыянальнай культуры непасрэдна не залежыць ад палітычнага ладу. Беларуская культура павінна (працай інтэлігенцыі) быць настолькі разнастайнай, каб уладары з рознымі перакананьнямі маглі ў ёй (не пазычаючы ад іншых, альбо пазычаючы minimum) знайсьці адлюстраваньне свайго крэдо.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Зьменіцца паводле раскладу, якога я ня ведаю.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Узровень валоданьня мовай залежыць ад культуры канкрэтнага чалавека ("я вам не скажу за ўсю Адэсу…")
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будуць маўчаць.