Чыноўнікі ўзяліся за інтэрнэт

Ужо летам беларускі сэгмэнт інтэрнэту можа напаткаць сапраўдны хаос. Гэта засьведчыла сустрэча інтэрнэт-правайдэраў і чыноўнікаў, адказных за «ўпарадкаваньне» беларускага сэктару «глябальнага павуціньня». Абмеркаваньне нарматыўных дакумэнтаў праходзіла на падвышаных тонах і дэманстравала палярнасьць падыходаў да праблемы.

УКАЗ ПРА ІНТЭРНЭТ. ПЫТАНЬНІ БЕЗ АДКАЗАЎ


Нагадаем, што ад 1 ліпеня, у адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60 і ўрадавай пастановай № 644, будзе дадзены старт кампаніі, накіраванай на «ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт».

Хоць новыя правілы пачнуць дзейнічаць ужо празь месяц, поўнай яснасьці наконт мэханізму іх рэалізацыі няма дагэтуль. Прынамсі, для правайдэраў белых плямаў у афіцыйных пастановах нашмат больш, чым разуменьня эфэкту, на які разьлічваюць у дзяржаўных структурах.

Тлумачэньні адказных чыноўнікаў грунтуюцца перадусім на абавязковай рэгістрацыі рэсурсаў і пераводзе іх на «нацыянальныя рэйкі». Прыкладам, калі сайт юрыдычнай асобы знаходзіцца ў дамэннай зоне .by, але пры гэтым мае замежны хостынг, ён павінен перайсьці на паслугі беларускага хостынг-правайдэра. Паводле начальніка сэктару інфармацыйных тэхналёгій Мінсувязі Сяргея Руднева, рэгістрацыі будзе падлягаць практычна кожны фрагмэнт нацыянальнага сэгмэнту інтэрнэту:

«Што тычыцца рэгістрацыі сайтаў на дамэны ніжэйшага ўзроўню, то, у адпаведнасьці з указам і падзаконнымі актамі, рэгістрацыі падлягае інфармацыйны рэсурс як самастойная адзінка. Возьмем, да прыкладу, інтэрнэт-пляцоўку shop.by. Разьмяшчэньне там крамаў асобнага суб’екта гаспадараньня — юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка — будзе лічыцца як асобны інфармацыйны рэсурс і падлягае асобнай рэгістрацыі пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў».

Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслугаў, уключна з хостынгавымі кампаніямі і інтэрнэт-правайдэрамі, абавязаныя зарэгістраваць усе сайты ў Дзяржаўным рэестры. Прычым за гэта яшчэ і заплаціць — 0,4 базавай велічыні плюс ПДВ. Агулам — 16 тысяч 800 рублёў. Правайдэры ўжо падлічылі, што такім чынам міністэрскае падразьдзяленьне нагляду за электрасувязьзю — БелГІЭ — заробіць некалькі сотняў тысяч даляраў. Спроба аднаго з прысутных высьветліць, куды пойдуць гэтыя грошы, наткнулася на «сьцяну»:

Правайдэр: «Чым апраўданы ваш кошт? Ёсьць нейкія эканамічныя абгрунтаваньні? Вельмі было б цікава…»

Прадстаўнік БелГІЭ
: «У цяперашні момант гэта адміністратыўная працэдура, якая афармляецца адмысловым пералікам. Там будзе ўсё адлюстравана…»

Правайдэр: «А якія вашы выдаткі на ўвесь працэс?»

Прадстаўнік БелГІЭ
: «Ну, гэта ўжо камэрцыйны бок справы…»

Правайдэр: «Калі беларускія сайты будуць зарэгістраваныя, вы атрымаеце парадку 200-300 тысяч даляраў. Гэта паправіць вашы выдаткі?»

Прадстаўнік БелГІЭ: «Гэта камэрцыйная таямніца, мы ня можам тут трымаць перад вамі справаздачу…»

Правайдэр: «Вы ж дзяржаўны орган, якая можа быць камэрцыйная таямніца?..»

Нашмат лепш арыентуюцца чыноўнікі ў карных захадах. Начальнік упраўленьня электрасувязі Вольга Федарэева распавяла, што і каму пагражае за невыкананьне закону ў адпаведнасьці з указам № 60:

«Парушэньні патрабаваньняў згаданага ўказу прызнаюцца грубымі парушэньнямі заканадаўства і цягнуць за сабой адказнасьць. Вызначаны парадак узьдзеяньня. Пры выяўленьні адпаведнымі органамі парушэньняў выдаюцца прадпісаньні аб іх выпраўленьні. Пры ігнараваньні прадпісаньня аказаньне інтэрнэт-паслугі юрыдычнай асобе ці індывідуальнаму прадпрымальніку можа быць прыпыненае пастаўшчыком інтэрнэт-паслугаў. Ва ўказе прыведзены вычарпальны пералік такіх органаў: органы, якія ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, органы пракуратуры папярэдняга расьсьледаваньня, падразьдзяленьні Дзяржкантролю, падатковыя органы ў межах сваёй кампэтэнцыі».

Больш «празрыстымі» стануць і паштовыя скрыні. Галоўны спэцыяліст упраўленьня электрасувязі міністэрства Павел Петрулевіч патлумачыў правайдэрам, што на дзяржаўны ўлік павінна быць узятая кожная электронная паштовая скрынка:

Усе паштовыя скрыні вы павінны зарэгістраваць у вызначаным парадку.
«Усе паштовыя скрыні, у тым ліку бясплатныя, якія прадстаўляе пастаўшчык інтэрнэт-паслугаў кліентам (а ў дадзеным выпадку кліентамі зьяўляюцца тыя, хто ў вас рэгіструе паштовыя скрыні, у тым ліку фізычныя асобы), вы павінны зарэгістраваць у вызначаным парадку. Апроч таго, у адпаведнасьці з пунктам 2 указу № 60 уся дзейнасьць, зьвязаная з прадстаўленьнем інтэрнэт-паслугаў з выкарыстаньнем інфармацыйных тэхналёгій (сетак, сыстэм і рэсурсаў), павінна быць разьмешчаная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваная адпаведным чынам».

Да чаго павінна прывесьці «ўпарадкаваньне» інтэрнэту? Якая канчатковая мэта рэгістрацыяў, пераносаў з аднаго хостынгу на іншы? Тлумачыць дырэктар дэпартамэнту інфарматызацыі Мінсувязі Андрэй Ільін:

«Ініцыятыва ўказу № 60 паходзіла не ад нашага міністэрства. У падрыхтоўцы тых нарматыўных дакумэнтаў, якія патрабуюцца ў разьвіцьцё ўказу, было задзейнічана дастаткова шмат міністэрстваў і ведамстваў. Мы зараз гаварылі з вамі аб рэгістрацыі, аб працэдурах, аб тым, хто і што мусіць рабіць. А ў канчатковым выніку (на маё разуменьне) мы атрымаем нейкі ўпарадкаваны рэестар з інфармацыяй пра тыя рэсурсы, якія знаходзяцца ў нашай зоне .by».

Дырэктар хостынг-кампаніі «Extmedia» Максім Саўчанка не хавае расчараваньня ад сёньняшняй гутаркі. Па яго словах, зацікаўленыя бакі гавораць фактычна на розных мовах:

«На галоўнае для мяне пытаньне — ці маем мы права разьмяшчаць сваіх кліентаў на замежных сэрвэрах — я адказу так і не атрымаў… Думаю, што яны адказвалі ў рамках сваёй кампэтэнцыі, і зразумела, што ня могуць ахапіць усё кола пытаньняў. Таму, канечне, хацелася б мець шырэйшы склад калегіі, але, па-мойму, зараз паміж міністэрствамі і зацікаўленымі арганізацыямі ўказ распрацоўваецца зь няўзгодненых пазыцый. Гэта маё прыватнае меркаваньне пасьля таго, як я пакантактаваў практычна з кожным зь іх. Яны папросту па-рознаму трактуюць адны і тыя ж рэчы, на жаль».

Экспэрты лічаць, што набор прынятых дакумэнтаў не вырашае праблемаў беларускага інтэрнэту, затое стварае новыя перашкоды на шляху яго разьвіцьця. Новыя працэдуры і правілы, паводле агульнага настрою інтэрнэт-супольнасьці, закліканыя толькі «закруціць гайкі» і павялічыць кошт выхаду ў сеціва.


тэкст указу №60