У Менску праходзіць зьезд “Моладзі БХД”

  • БелаПАН
У Менску 22 мая праходзіць зьезд маладзёжнай арганізацыі аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» «Моладзь БХД». На зьезд выбрана 120 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Зьезд, які праходзіць у офісе Партыі БНФ, пачаўся малітвай «Ойча наш» і выкананьнем гімна «Магутны божа». Да пачатку форуму на ім прысутнічала больш за 50 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі, а таксама запрошаныя госьці.

Як сказаў у прывітальным слове сустаршыня аргкамітэта па стварэньні БХД Віталь Рымашэўскі, стварэньне маладзёжнай структуры БХД стала неабходнасьцю. «Мы ня можам аддаваць нашу моладзь, якая будзе будаваць незалежную Беларусь, на водкуп іншым сілам, якія часта не зацікаўленыя ў незалежнасьці Беларусі. Ёсьць шмат маладзёжных арганізацый, у іх ліку БРСМ, піянэрскія арганізацыі, камсамол і іншыя, якія жывуць не па хрысьціянскіх прынцыпах і, на маю думку, зьяўляюцца дэструктыўнымі і таталітарнымі», — заявіў Рымашэўскі. Паводле яго слоў, моладзь БХД павінна стаць моцнай альтэрнатывай падобным арганізацыям.

Палітык таксама заклікаў дэлегатаў зьезда выпрацаваць сваё меркаваньне адносна будучай прэзыдэнцкай кампаніі. «Мы не павінны абапірацца ці то на Захад, ці то на Усход. Лёс Беларусі вырашыцца менавіта тут, і ня варта аглядвацца на Эўразьвяз ці на Расею, мы павінны самі будаваць сваю будучыню», — сказаў Рымашэўскі.

На форуме выступілі і іншыя сустаршыні аргкамітэту па стварэньні БХД, а таксама партнэры беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў зь Эўропы і лідэры іншых беларускіх маладзёжных дэмакратычных аб’яднаньняў. На зьезьдзе будуць выбраныя кіруючыя органы «Моладзі БХД», будзе прыняты статут і стратэгія дзеяньняў арганізацыі на найбліжэйшы час. Пасьля афіцыйнай часткі мерапрыемства адбудзецца сьвяточны канцэрт.