"Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі прайшлі ператрусы ў актывістаў кампаніі "Гавары праўду!" З чым гэта зьвязана? На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.
Спадар: "Я мяркую, што нехта спужаўся гэтай праўды. Камусьці гэтая кампанія не патрэбная".
Спадар: "Не дэмакратыя ж у краіне, а нешта другое. Прышчамляюць усіх!"
Спадар: "У нашай краіне людзі мала гавораць праўду. А хто гэта робіць, ад яго імкнуцца пазбавіцца — альбо задушыць, альбо прыгразіць чым-колечы. Зараз шмат такіх расправаў з боку ўладаў, дзяржструктураў. Таму людзі імкнуцца сядзець ціха. А хто высоўваецца, таго адразу пад корань".
Спадарыня: "Каб перашкодзіць распаўсюду гэтай праўды. Падман для шмат каго саладзейшы, чымсьці праўда".
Спадар: "Напэўна, улады баяцца людзей, якія гавораць праўду. Ім лепш прыкрыць гэтую арганізацыю, чымсьці пасьля змагацца зь ёю. Калі ня могуць змагацца, то вэрбуюць да сябе. Калі ня могуць завэрбаваць, то закрываюць зь іншых прычынаў".
Спадарыня: "Я адназначна зьвязваю гэта з пачаткам прэзыдэнцкіх выбараў. Кампанія "Гавары праўду!" атрымала размах у грамадзтве. Людзі пачалі скардзіцца, зьвяртацца са сваімі прэтэнзіямі да гэтай улады. Лукашэнка і ягонае атачэньне баяцца, што кампанія падтрымае кандыдата, які рэальна зможа прэтэндаваць на прэзыдэнцкае месца і пераможа на выбарах".
Спадар: "Баяцца, што гэтыя людзі сапраўды кажуць праўду, і асьцерагаюцца такіх людзей".
Спадарыня: "Каб не было такіх людзей, якія гэтую праўду распаўсюджваюць".
Спадар: "Калі гэтыя асобы могуць аб’яднаць нейкія агульныя інтарэсы, іх імкнуцца зрабіць вінаватымі".
Спадар: "Улады баяцца ўсяго і ўсіх — паэтаў, пісьменьнікаў, фільмаў, музыкі баяцца. Усё, што ідзе зьнізу, ад людзей, яны гэтага палохаюцца вельмі моцна".
Спадар: "Я не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо ня ведаю, што яны гаварылі".
Спадарыня: " Я ніяк ня думаю, я такая далёкая ад гэтага".
Спадар: "Магчыма, ня ўсім хочацца бачыць, што ёсьць на самой справе ў нашай краіне".
Спадар: "Відаць, ня любяць праўды, відаць, насамрэч праўдзівая інфармацыя".
Спадар: "Маё меркаваньне: улада ў паніцы, відаць, канец свой адчувае".