Дасьледнікі з Інстытуту Крэйга Вэнтэра каля Вашынгтону стварылі з дапамогай кампутара “генэтычны код” бактэрыі, сынтэзавалі яго і ўставілі ў клетку, зь якой былі раней выдаленыя яе ўласныя гены. Атрыманы мікраарганізм пачаў разьвівацца як звычайныя бактэрыі такога тыпу.
У інтэрвію газэце The Independent Крэйг Вэнтэр сказаў, што ўпершыню чалавек стварыў цалкам храмасому з 1,08 млн. базавых параў і трансплянтаваў яе ў клетку, а храмасома ўпершыню ўзяла пад кантроль клетку і практычна ператварыла яе ў істоту новага віду, вызначаючы яе ўласьцівасьці".
На запыт, "ці лічыце вы, што гэта штучная жыцьцё?", доктар Вэнтэр пагадзіўся, патлумачыўшы, што навукоўцы пачалі з жывой прыроднай клеткі, але сынтэтычная храмасома цалкам перамяніла гэтую клетку, так што атрымалася штучная: "Мы стварылі новае жыцьцё на базе ўжо існага: з дапамогай сынтэтычнай ДНК перапраграмоўваем клеткі, ператвараючы іх у новыя, з зададзенай ДНК".
Для экспэрымэнту была абраная бактэрыя Mycoplasma mycoides. Гэтыя штучныя бактэрыі жывуць у лябараторыі ў спэцыяльным асяродку і самастойна размнажаюцца, але ў зьнешнім асяродку выжыць ня могуць, паведаміў Вэнтэр.
"Вы граеце ў стварэньне жыцьця, нібы вы Бог?" – спыталі ў Вэнтэра. "Гэтае клішэ кожны раз успамінаюць, калі ў навуцы, асабліва ў біялёгіі, зьдзяйсьняецца радыкальнае адкрыцьцё", – адказаў Вэнтэр. Ён заявіў, што навука імкнецца выкарыстоўваць новыя веды на карысьць чалавецтва, але варта асьцерагацца выкарыстаньня новых адкрыцьцяў у благіх мэтах.
Прыхільнікі гэтай тэхналёгіі лічаць, што яна можа ўжывацца ў будучыні для вырабу паліва, вакцынаў або матэрыялаў, якія б выкарыстоўваліся для ачышчэньня навакольнага асяродзьдзя.
Крытыкі папярэджваюць, што, трапіўшы ў “дрэнныя рукі”, гэтая тэхналёгія можа быць выкарыстаная для вырабу біялягічнай зброі і што рызыка з боку штучных арганізмаў яшчэ як сьлед не ацэненая навукоўцамі.
Інтэрвію з Крэйгам Вэнтэрам
2,5 гады працы прынесьлі вынік