Паэта і журналістаў пратрымаюць “колькі трэба”

У Ленінскім РАУС Менску адбыліся допыты актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімера Някляева, Сяргея Вазьняка і Андрэя Дзьмітрыева, якіх дагэтуль трымаюць за кратамі.
Допыты актывістаў праходзілі такім парадкам: першым дапыталі рэдактара газэты «Товарищ» Сяргея Вазьняка, другім — лідэра кампаніі «Гавары праўду!» паэта Ўладзімера Някляева, пасьля іх — журналіста Андрэя Дзьмітрыева. Да допытаў некалькі гадзінаў усіх трымалі ў камэры для затрыманых разам з хуліганамі і бамжамі, на допыты выводзілі ў кайданках.

Пасьля допыту адвакатка Ўладзімера Някляева Мар’яна Сямешка выказала меркаваньне, што допыт быў фармальны, і паведаміла, што яе падабароннага паабяцалі выпусьціць на волю заўтра, 21 траўня папаўдні — гэтаксама як і Сяргея Вазьняка і Андрэя Дзьмітрыева. Адвакатка Мар’яна Сямешка зачытала заяву для мэдыяў, якую ёй перадаў Уладзімер Някляеў:

«Можна расправіцца з кампаніяй „Гавары праўду!“, можна арыштаваць Някляева і актывістаў кампаніі. Але нельга зьнішчыць праўду. Яна пераможа ў нашай Беларусі, як перамагала заўсёды і паўсюль, толькі за яе трэба змагацца і нечым у імя яе ахвяраваць». Таксама перадае вялікі дзякуй усім, хто яго падтрымлівае, і перадае «Жыве праўда!» Уладзімер Някляеў».



Паводле адвакаткі журналіста Сяргея Вазьняка Ларысы Атаманчук, яе падабаронны, як і Някляеў і Дзьмітрыеў, знаходзіцца ў статусе падазронага паводле артыкула 250 Крымінальнага кодэксу — гэта распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі. Журналісты спыталіся ў адвакаткі пра больш пэўныя эпізоды справы:

«Ён даў свае тлумачэньні адносна падазрэньняў, гэтак скажам. Паколькі абвінавачаньні ня выстаўленыя, то рана казаць пра тое, прызнае ці не прызнае. У яго былі доўгія тлумачэньні. Больш пэўна я не магу пакуль іх перадаць».

Адвакатка Ларыса Атаманчук

Паводле адвакатаў, іх падабаронныя ня скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня, але самі адвакаты назвалі гэтыя ўмовы «складанымі». А вось што паведаміла жонка Някляева Вольга, якой удалося толькі краем вока ўбачыць мужа. Перадачы для яго ў ізалятары не прымалі:

«Увесь гэты час ён без зубной шчоткі, бяз мыла. Адзінае, што мне ўдалося перадаць яму, — майку, каб пераапрануцца. Ён усе гэтыя дні жыве на бутэрбродах, а ў яго, як я ведаю, праблемы са здароўем».

Жонка Ўладзімера Някляева.

Міліцыянты ў Ленінскім РАУС ухіляюцца ад адказаў на пытаньні пра тое, ці дакладна актывістаў «Гавары праўду!» выпусьцяць заўтра на волю. Адзін зь міліцыянтаў казаў журналістам, што Някляева зь сябрамі вызваляць ужо сёньня, але гэта выявілася няпраўдай.

Уладзімер Някляеў: «У мяне адабралі ўсе рукапісы: аповесьці, эсэ, вершы і паэму»

Уладзімер Някляеў: «У мяне адабралі ўсе рукапісы: аповесьці, эсэ, вершы і паэму»
Уладзімер Някляеў напісаў за кратамі заяву, якую перадала мэдыям адвакат паэта Мар’яна Сямешка:

«У пастанове на ператрус у доме было напісана, што ён робіцца дзеля таго, каб „найти вещи и ценности, нажитые преступным путём“. Нічога не знайшлі, тады забралі кампутар, усе мае рукапісы, як на паперы, гэтак і электронныя. Такім чынам, „вещами и ценностями, нажитыми преступным путём“, аказаліся мае артыкулы і эсэ, аповесьці і апавяданьні, вершы і паэма. Мой арышт, як і арышт актывістаў кампаніі „Гавары праўду!“ Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Вазьняка — палітычны. Кампанія „Гавары праўду!“ вельмі імкліва разьвівалася, і ў гэтым разьвіцьці ўлада ўбачыла пагрозу. У розных акцыях кампаніі, як то праблемы беспрацоўя, жыльля, малога і сярэдняга бізнэсу, за вуліцу імя Васіля Быкава, мы мелі назьбіраць 200 тысяч подпісаў. І амаль 20 тысяч ужо сабралі. Пасьля гэтых ня голых словаў, а дэманстрацыі нашых рэальных магчымасьцяў, — заявіць пра тое, што ідзем на прэзыдэнцкія выбары. Вось і прайшлі... у турму.

Можна расправіцца з кампаніяй „Гавары праўду!“, можна арыштаваць Някляева і актывістаў кампаніі. Але нельга зьнішчыць праўду. Яна пераможа ў нашай Беларусі, як перамагала заўсёды і паўсюль, толькі за яе трэба змагацца і нечым у імя яе ахвяраваць». Жыве праўда! Уладзімер Някляеў».