На Гарадзеншчыне і Меншчыне – новыя кіраўнікі

Міхаіл Русы

Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра сельскай гаспадаркі а таксама кіраўнікоў Гарадзенскага і Менскага аблвыканкамаў.







Сямён Шапіра
Міністрам сельскай гаспадаркі стаў Міхаіл Русы – старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па аграрных пытаньнях.

Былы міністар Сямён Шапіра ўзначаліў Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт.




Барыс Батура
Старшынём Менскага абласнога выканаўчага камітэту прызначаны Барыс Батура.











Новыя прызначэньні камэнтуе публіцыст Аляксандар Фядута:

Фядута:
"Працягваюцца ператрусы. На гэты раз не ў апазыцыйных кватэрах і офісах, а ў кабінэтах вышэйшага чынавенства. Сьведчыць гэта пра адну рэч: скончылася лава запасных. Няма адкуль браць кадры. Калі былога магілёўскага губэрнатара, пажылога чалавека Барыса Батуру ставяць замест нашмат маладзейшага і нашмат больш працаздольнага Леаніда Крупца, гэта значыць — альбо працаваць ужо няма каму, альбо ня вераць нікому.

Калі ставяць Сямёна Шапіру на Гарадзенскую вобласьць, гэта, напэўна, добрая ідэя, таму што Шапіра — аграрый, выдатны аграрый, а Гарадзеншчына яшчэ з часоў Кляцкова ўсё ж такі аграрная зона.

Але зусім незразумела, чаму на пасаду міністра сельскай гаспадаркі вяртаюць Міхаіла Русага, які ўжо займаў гэтую пасаду. Дык тады за што яго зьнялі? Альбо за што яго цяпер прызначылі?

Я нічога не разумею ў лёгіцы гэтых прызначэньняў".


Меркаваньне журналіста Анатоля Гуляева:

Гуляеў:
"Што да гэтых прызначэньняў. Мне неяк даводзілася размаўляць зь Міхаілам Русым, калі ён ужо сышоў з пасады міністра сельскай гаспадаркі. І ён выказаўся ў размове: "Тут справа такая: павінен быць адзін чалавек, які аддае загады, а ўсе астатнія павінны выконваць іх". Чалавек з такім сьветапоглядам амаль ідэальна ўпісваецца ў стыль кіраўніцтва сёньняшніх лідэраў дзяржавы, і ён ніколі не прападзе і заўсёды будзе пры пасадзе.

Што тычыцца Сямёна Шапіры, дык гэта здольны, разумны чалавек, які не згубіўся на пасадзе міністра сельскай гаспадаркі. Ён ня згубіцца і ў якасьці старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму.

Што тычыцца Барыса Батуры — пабыў там, пабыў тут, і так будзе хадзіць па коле, як большасьць з тых, хто прызначаецца сёньня на пасады. Адны і тыя ж людзі, адны і тыя ж пасады... Такім чынам, на маю думку, адбываецца аслабленьне генафонду беларускага чынавенства".