Госьць “Начной Свабоды” – сябра аргкамітэту грамадзкай акцыі “Стоп-бэнзін” супраць падвышэньня цэнаў на аўтамабільнае паліва Ўладзіслаў Бянько.
12 траўня чарговым разам вырасьлі кошты на бэнзін і дызэльнае паліва — у сярэднім на 6—8%. Ад пачатку году гэта ўжо трэцяя зьмена цэнаў у бок падвышэньня. У канцэрне "Белнафтахім" непапулярны крок тлумачаць ростам коштаў бязмытавай нафты, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з Расеі. Як паведамілі ў ведамстве, у красавіку ў параўнаньні зь лютым 2010-га цана расейскай нафты павялічылася для НПЗ у Наваполацку і Мазыры амаль на 28%.
Сярод наведвальнікаў сайтаў «Аўтамалінаўка», stop-gai.by, і іншых аўтамабільных сайтаў нарадзілася ідэя пратэстнай акцыі «Стоп бэнзін!». Арганізатары акцыі заклікаюць неабыякавых аўтааматараў 1-4 чэрвеня абмежаваць сваё перамяшчэньне на аўто і праігнараваць запраўкі. Паводле арганізатараў акцыі, зьніжэньне выручкі аўтазаправак ў гэтыя дні, прымусіць кіраўніцтва краіны задумацца.
І з намі на простай тэлефоннай сувязі зь Менску сябра аргкамітэту грамадзкай акцыі “Стоп-бэнзін” супраць падвышэньня цэнаў на аўтамабільнае паліва Ўладзіслаў Бянько.
Соўсь: Як зьявілася ідэя гэтай грамадзкай акцыі пратэсту? Як вы пераконваеце кіроўцаў узяць у ёй удзел?
Бянько: Пасьля таго, як у інтэрнэце зьявілася навіна, што падвышаюцца цэны на паліва, узьнікла вельмі нэгатыўнае пачуцьцё, як калісьці было з далярам пад Новы год – раз і паднялі. Узьнікла эмацыйнае пачуцьцё, што тут нешта ня тое. Мы проста напісалі некалькі паведамленьняў, што мы ня згодныя з такім становішчам рэчаў, і ўрэшце ад майго добрага сябра зьявілася паведамленьне, што можна правесьці акцыю, якая пакажа, што народ Беларусі ня згодны са становішчам рэчаў у фармаваньні коштаў на паліва.
Мы за свае сродкі надрукавалі шмат налепак на аўтамабілі, улётак і выпускаем футболкі з нашым лягатыпам, які ёсьць на сайце "Стоп-бэнзін".
Соўсь: Колькі ўжо назьбіралася ахвотных узяць удзел у акцыі?
Бянько: Ня сёньня да нас далучыліся ўсе абласныя гарады Беларусі, а таксама гарады, насельніцтвам да 100 тыс. чалавек. На Twitter шмат людзей. Я мяркую, што ня менш за 5-6 тыс. чалавек будзе ўдзельнічаць у гэтай акцыі. Таму што толькі футболак замоўлена ўжо больш за тысячу, і замовы кожны дзень ідуць.
Аргкамітэт акцыі складаецца з 4 чалавек.
Соўсь: Гэта ваш першы вопыт грамадзкай акцыі пратэсту?
Бянько: Я калісьці арганізаваў людзей па таніроўцы, калі ў нас была забаронена нават заводзкая таніроўка шкла аўтамабіляў. Мы здолелі сабраць тады амаль 9 тыс. подпісаў, якія я аднёс у адміністрацыю прэзыдэнта. І ўрэшце прэзыдэнтам быў падпісаны ўказ, які дазволіў выкарыстоўваць завадзкую таніроўку на аўтамабілях.
У дадзеным выпадку мы пакуль ня ставілі на мэце пісаць нейкі зварот. На першых парах мы хацелі б данесьці да людзей, што калі аб'яднаемся, то мы здолеем хоць нешта зрабіць і ўказаць уладзе ды чыноўнікам, што нельга так абыходзіцца з народам. Таму што яны падганяюць кошт бэнзіну і дызпаліва цалкам пад эўрапейскі ўзровень, а зарплаты нашы ніяк не назавеш эўрапейскімі.
Соўсь: А калі акцыя посьпеху не прынясе, што далей?
Бянько: Я бы не сказаў, што наша акцыя не прынясе посьпеху. Нават на сёньняшні дзень мы хоць нешта да людзей данесьлі. Нават людзі, якія не карыстаюцца інтэрнэтам, яны ўжо гавораць пра гэтую акцыю. Мы здолелі неяк падняць народ, і людзі, у якіх дома нават няма кампутару, бачаць, што ў мяне на машыне вісіць налепка, якая гаворыць, што ідзе такая акцыя, пытаюцца, дзе можна ўзяць такое і што трэба рабіць. Нават толькі тое, што людзі згодныя ўдзельнічаць у такой акцыі, я ўжо лічу вынікам. А калі ў нас атрымаецца, каб улады яшчэ і прыслухаліся да нас, зразумелі, што машына – гэта не раскоша, а сродак перасоўваньня, і трохі зьнізілі кошты на паліва, гэта было б вельмі добра.
Соўсь: І самае апошняе пытаньне пры канцы размовы – пра салідарнасьць кіроўцаў.
Бянько: Я лічу, што на сёньняшні дзень аўтааматары – гэта самая прагрэсіўная частка народу. Я бачу, як яны паводзяць сябе нават на дарозе. Раней культуры кіраваньня ў нас не было, зараз я бачу абсалютна процілеглую карціну. Усе пачынаюць адзін аднаму саступаць, прапускаць. І я бачу, як аўтааматары аб'ядноўваюцца. Такое несправядлівае становішча з узроўнем коштаў чамусьці неяк зьяднала менавіта аўтааматараў. Адначасова бачна, што іншы народ таксама падцягваецца, бо разумее, што кошты на паліва пасьля адаб'юцца на астатніх коштах.