Паволі патанае рок-эпоха

Роні Джэймс Дыё

Учора памёр рок-музыкант Роні Джэймс Дыё (Ronnie James Dio). Яму было 67 гадоў.
Пакаленьне маіх сыноў, выхаванае на музыцы hip-hop (rap), наўрад ці ведае, кім быў Дыё.

Як для мяне, Роні Джэймс Дыё быў адным з найлепшых рок-вакалістаў, з таго самага шэрагу зорак хард- і хэві-року, што Іен Гілан і Робэрт Плант. Дыё ніколі пры жыцьці ня быў такі вядомы, як Гілан і Плант, але для фанатаў "клясычнай" рок-музыкі 1970-х ягоны голас застанецца ў памяці назаўжды.

Упершыню пра гэтага вакаліста я пачуў у 1975 годзе, калі з Deep Purple адышоў гітарыст Рычы Блэкмар. Блэкмару не прыйшоўся даспадобы "гламурны рок", які Deep Purple пачалі граць пасьля таго, як Іена Гілана заступіў Дэйвід Кавэрдэйл, а Роджэра Гловэра — Глен Г’юз.

У 1975 годзе Блэкмар заснаваў свой уласны гурт, Rainbow, і ўзяў у вакалісты Дыё. "У Дыё голас вастрэйшы, чым гук рэактыўнага самалёта", — сказаў тады Блэкмар журналістам. Вызначэньне запомнілася на ўсё жыцьцё.

Блэкмар — адзін зь віртуозаў рок-гітары — быў музыкам вельмі капрызным і наравістым. Кожны альбом Rainbow ён запісваў зь іншым складам музыкаў. Але вакалісту Дыё ўдалося вытрымаць з Блэкмарам пры трох альбомах: "Ritchie Blackmore's Rainbow", "Rising", "Long Live Rock'n'Roll".

Потым Дыё заступіў Озы Осбарна ў Black Sabbath, пазьней ён заснаваў свой уласны гурт Dio, а апошнім часам зноў сышоўся з музыкамі Black Sabbath і летась запісаў альбом "The Devil You Know" пад шыльдай Heaven and Hell.

Я неяк не цікавіўся тым, што Дыё запісваў з Black Sabbath (проста гурт як такі мне ня надта падабаўся). А вось запісы Дыё з Rainbow і альбом "The Devil You Know" — у мяне ёсьць. І ёсьць DVD з запісам канцэрту Rainbow у Мюнхэне ў 1977 годзе. Зорка Дыё блішчыць на тым канцэрце, па-мойму, значна ярчэй, чым зорка Рычы Блэкмара.



Зямля пухам, Роні.