У ноч музэяў Віцебскім краязнаўчым музэі наведнікі ўбачылі шэраг імпрэзаў, падрыхтаваных да 220-х угодкаў Яна Баршчэўскага – пісьменьніка, які нарадзіўся больш як два стагодзьдзі таму на Полаччыне і творы якога сталі ўзорамі беларускага клясыцызму і рамантызму.
“Падарожжа ў сьвет таямнічага” – так называлася праграма, якую прэзэнтавалі адмыслова ў “Ноч музэяў”. Праўда, паводле эўрапейскай традыцыі, “Ноч музэяў” праводзіцца 18 траўня, але супрацоўнікі віцебскага краязнаўчага музэю вырашылі, што больш наведнікаў прыйдзе ўсё ж у выходны дзень. І бясплатна глядзець экспазыцыі і выступы самадзейных артыстаў пускалі ня ўсіх – а толькі тых, пераможа ў віктарыне, прысьвечанай творчасьці пісьменьніка-земляка.
Тых, хто наважыўся паспаборнічаць у веданьні беларускай літаратуры, было каля 30 чалавек. У асноўным гэта былі школьнікі і студэнты. А вось наведаць музэй, паглядзець экспазыцыі і падрыхтаваную супрацоўнікамі фальклёрна-забаўляльную праграму прыйшлі людзі рознага веку.
У музэйнай галерэі былі выстаўленыя графічныя ілюстрацыі Валера Славука да самага вядомага твора Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях”, дзе знайшлі адлюстраваньне легенды і паданьні Віцебшчыны.
Фальклёрных герояў можна было сустрэць і ў залях музэю. Ахвотныя маглі сфатаграфавацца з Русалкай ці Катом Варгуном, Лесавіком ці Белай Сарокай, якая раздавала ўсім наведнікам музэю “шчасьце” – срэбную галінку з белай стужкай. Чарнакніжнік прапаноўваў ахвотным адказаць на пытаньні, што да біяграфіі Яна Баршчэўскага, а Драўляны Дзядок прапаноўваў дастаць з чароўнага гаршчка прымаўку – прадказаньне.
Праграма “Падарожжа ў сьвет таямнічага” ўключала у сябе ня толькі экскурсіі па музэйных залях. Перад наведнікамі выступілі школьныя тэатры, некалькі харэаграфічных калектываў, клюб гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн”, мадэлі фантастычных строяў прапанавалі навучэнцы Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, а закончыліся дзеі ў музэйным дворыку маляўнічым вогненным шоў.