У панядзелак будуць судзіць удзельнікаў гей-прайду

  • БелаПАН
У Менску 17 траўня пройдуць суды над удзельнікамі несанкцыянаванага гей-шэсьця, якое адбылося ў суботу на вуліцы Сурганава. Затрыманыя ўдзельнікі шэсьця былі дастаўленыя спачатку ў Першамайскі РУУС, а далей у турму на Акрэсьціна.
Паводле інфармацыі аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Андросенкі, удзельнікам шэсьця перададзеныя ежа, цёплае адзеньне і іншыя рэчы.

Падчас разгону было затрымана восем чалавек, у тым ліку два жыхары Санкт-Пецярбургу. Аб затрыманьні расейскіх грамадзянаў паведамлена амбасадзе РФ у Менску.Усяго ў шэсьці ўдзельнічала каля 30 чалавек.

Сам Андросенка і яшчэ тры ўдзельнікі гей-прайда былі дастаўленыя ў Савецкі РУУС."Пасля заканчэньня акцыі мы абедалі ў рэстаране" Лідо ", да нас падсеў супрацоўнік праваахоўных органаў і прапанаваў выйсьці праз службовы ўваход, заявіўшы, што нашаму жыцьцю пагражае небясьпека", - сказаў Андросенка.

Паводле яго, супрацоўнікаў міліцыі цікавіла інфармацыя, звязаная з гей-прайдам. Усіх чацьвярых сфатаграфавалі і зьнялі на відэакамеру, узялі адбіткі пальцаў. Праз тры гадзіны іх адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Андросенка заявіў, што ў цэнтры гораду заўважылі скінхэдаў, некаторыя зь іх затрыманыя.

У ГУУС Менгарвыканкаму БелаПАН паведамілі, што некалькі чалавек былі дастаўленыя ў міліцыю для высвятленьня асобы.

Менскі гарвыканкам забараніў гей-прайд, удзельнікі якога плянавалі сабрацца ля будынку Белдзяржфілярмоніі і прайсьці па праспэкце Незалежнасьці да прэзыдыўма Нацыянальнай акадэміі навук.

14 траўня "Міжнародная амністыя" выказала шкадаваньне ў сувязі забаронай Менгарвыканкамам шэсьця і заклікала беларускія ўлады паважаць правы сэксуальных меншасьцяў.